Жніво на палях Полацкага раёна набірае тэмп. Азімы ячмень, які займаў плошчу 1009 га, убраны. Самую высокую ў Полацкім раёне ўраджайнасць гэтай культуры — 42,7 ц/га — атрымалі працаўнікі ААТ «Кушлікі».

У сярэднім па раёне аддача ад ячменнага поля склала 25,4 ц/га. Пад азімы рапс восенню ў раёне адвялі плошчу 1895 га, амаль усё ўбралі. У лідарах па ўраджайнасці гэтай культуры — 41 ц/ га — ААТ «Кушлікі», сярэдняя па раёне — 16,9 ц/га. Стаўкі на ўборачную кампанію застаюцца высокімі: ураджай у гэтым годзе перавышае мінулагоднія паказчыкі.
«Азімы ячмень убралі, намалацілі 225 тон пры ўраджайнасці 30 ц/га, узяліся за азімую пшаніцу, якая займае плошчу 366 га, на чарзе — 174 га азімага жыта», — расказваў пра планы Анатоль Гіль, галоўны аграном ААТ «Полацкі аграсервіс». І паведаміў, што ў іх гаспадарцы на поле кожны дзень выязджаюць па 4 камбайны і 5 адзінак тэхнікі ажыццяўляюць адвозку. Спецыяліст з вялікім стажам адзначыў, што ўраджай сёлета вырас неблагі, цяпер справа за ўборкай і захаванасцю.
Усе камбайнеры шчыруюць заўзята, імкнуцца зарабіць. Працуюць без памочнікаў. Кожны валодае пэўным вопытам, настрайваюць тэхніку і вядуць уборку з захаваннем тэхналогіі.

Аляксандр Мікалаеў працуе ў сельскай гаспадарцы 16 год. На новым камбайне шчыруе трэці сезон, на старым адпрацаваў 4 лета запар. Камбайн для яго — нібы вялікі карабель, які рухаецца па хлебных хвалях. У час уборачнай кампаніі ён з задавальненнем згаджаецца папрацаваць у полі, у іншыя сезоны выконвае абавязкі трактарыста. «Галоўнае, каб камбайн быў спраўны, надвор’е без дажджу і дастаткова паліва — тады і працуецца з імпэтам», — зазначыў хлебароб. Калі вяртаецца з працы, дома ў Саланіках яго сустракаюць жонка і двое дзяцей. Супруга ў дэкрэтным водпуску, галава сям’і — галоўны здабытчык.
Камбайнер Мацвей Фаменка прыязджае з Наваполацка. Дастаўку на месца працы ажыццяўляе арганізацыя, якая яго камандзіравала на час уборачнай кампаніі ў сельгаспрадпрыемства, — УП «Нафтан-Спецтранс». У размове з карэспандэнтам мужчына ўзгадаў, як працаваў у полі 4 сезоны ў маладосці, 10 гадоў быў перапынак, а зараз зноў сеў за штурвал камбайна.
«Першы раз у гэтай гаспадарцы. Усё задавальняе. А на асноўнай працы я — вадзіцель пагрузчыка», — расказаў мужчына.
Як толькі поле падсохла — камбайны рушылі ў бяскрайняе поле, дзе пшанічныя каласы ўжо хіляцца долу. Сонца было высока, працаваць хлебаробы намагаліся да позняга вечара.









