На палях гаспадарак Полацкага раёна вядзецца ўзворванне глебы

Заботы сельские

Сёлетняя цёплая восень да­зволіла працаўнікам палёў своечасова ўбраць і пакласці на захоўванне вырашчаны ўраджай. Але аграрыі не спыніліся на дасягнутым, яны ўжо клапоцяцца пра наступны год.

Яшчэ ў жніўні ва ўсіх гаспадарках Полацкага раёна пачалася сяўба азімых культур. Спачатку пасея­лі азімыя крыжакветныя, перавыканалі планавую лічбу па сяўбе рапсу, засеялі плошчу амаль 500 га. Кіраўнікі гаспадарак ужо сёння думаюць пра будучыню, таму пасеялі азімую сурэпіцу, якая ранняй вясной можа ­стаць­ спажыўным кормам для жывёлы. Пасеялі і азімыя зерневыя культуры: пры даведзеным плане 8500 га пасеялі 8700 га на зерне. Гэта задзел для атрымання будучага ўра­джаю. Павялічылі плошчы азімага ячменю. У 2022 годзе яго было пасеяна 700 га, сёлетняй восенню — ужо больш за 2 тыс. га. На гэтую культуру гаспадаркі ўскладаюць надзеі, таму што папярэдні вопыт паказаў добры вынік. Уборка азімага ячменю пачынаецца рана, у ліпені, у кіраўнікоў гаспадарак будзе магчымасць рацыянальна размеркаваць працоўныя і тэхнічныя рэсурсы.

Усімі сельгаспрадпрыемствамі раёна поўнасцю выканана заданне па пераводзе жывёлы на зімне-стойлавае ўтрыманне. Вытворчасць малака па стане на ўчарашні дзень — 101% да ўзроўню мінулага года. Гэта сведчыць пра тое, што каровы паступова прывыклі да новага рацыёну кармлення.

Якой будзе зімоўка? Назапашана на ўмоўную галаву жывёлы ў сярэднім па раёне 23,77 цэнтнера кармавых адзінак (у мінулым годзе было 27,86 ц.к.а). У шэрагу гаспадарак гэтыя лічбы  — вышэйшыя: у «Кушліках» нарыхтавана 37,65 ц.к.а., у філіяле «Вясна-энерга» — 39,16 ц.к.а., у «Паліміры-­агра» — 27,48 ц.к.а.

Зараз асноўная задача для сельгасарганізацый — узняцце зябліва на плошчах, якія вызваліліся пасля ўборкі ўра­джаю. На палі актыўна ўносяцца арганічныя ўгнаенні. Сярод лідараў у гэтай працы земляробы філіяла «Вясна-энерга» РУП  «Віцебскэнерга» і «Палімір-агра», дзе ўнесена больш за 7 тыс. т  угнаенняў пад восеньскае ўзворванне. Гэтая праца будзе працягвацца, пакуль дазволіць надвор’е.