Гарачая пара ўборкі хлебнага ўраджаю пачалася на Полаччыне

Заботы сельские

Ужо некалькі дзён камбайны працуюць на палях Полацкага раёна. Штодзень 40 магутных сельскагаспадарчых машын убіраюць азімы рапс, зерневыя і зернебабовыя культуры.

Ігар Данілкін і Сяргей Гарбаценка

Як і заўсёды, у першую чаргу аграрыі пачалі ўборку ўраджаю 2021 года з азімага рапсу. Сёлета з-за гарачага сухога надвор’я адначасова з гэтай культурай падыйшлі да ўборкі і зерневыя. Гэта ўскладніла задачу ўдзель­нікаў уборачнай кампаніі, але ёсць спадзяванне, што ўсё ж возьме верх прафесіяналізм сельскагаспадарчых кадраў.
У сераду ва ўрочышчы Плеханы філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі КХП» мы напаткалі за працай вопытных камбайнераў Сяргея Гарбаценку і Ігара Данілкіна.

Гэтыя мужчыны на магутным камбайне NEW HOLLAND працуюць пяты сезон і заўсёды паказваюць высокія вынікі. Неаднаразова яны станавіліся тысячнікамі і двухтысячнікамі на ўборцы зерневых, паказ­валі прыклад ударнай працы на жніве калегам з усяго раёна. Экіпаж-перадавік накіраваны на добры вынік у працы і сёлета. Ураджайнасць рапсу склала 26 цэнтнераў з гектара. Ёсць участкі на полі, дзе яна значна вышэйшая, але з-за вымачак сярэдняя лічба такая. Гаранцы ўбралі алейную культуру на плошчы 244 гектары, ці 79% да плану.
Такіх вынікаў за кароткі тэрмін удалося дасягнуць дзякуючы дапамозе Полацкай інтэграцыйнай структуры, створанай на базе ААТ «Полацкі малочны камбінат»: на гаранскія палі прыехаў другі NEW HOLLAND, якім кіруе 30-гадовы працаўнік камбіната Пётр Валынец. «Шчыра кажучы, такога рапсу, як у Гаранах, я ніколі не бачыў, — прызнаўся мужчына. — Тут працаваць — адно задавальненне!»

У гаспадарцы сёлета ўпершыню працуюць два камбайны NEW HOLLAND. Гэтая тэхніка вылучаецца высокай прадукцыйнасцю, выдатнымі магчымасцямі апрацоўкі абмалочанай масы, а галоўнае, эфектыўнасцю і надзейнасцю. Паколькі трэба ўбіраць ураджай хутка і плошча зерневых і зернебабовых — 1344 гектары — самая вялікая ў Полацкім раёне, тэхнічная дапамога інтэграцыйнай структуры зусім не лішняя. Усяго на гаранскіх палях працуюць 6 камбайнаў. І кіруюць імі прафесіяналы, вопытныя працаўнікі. Большасць з іх нарадзіліся ў гэтых мясцінах і шчыруюць на сваёй малой радзіме.