Аднымі з першых пачалі ўборку траў працаўнікі філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга»

Актуальное Заботы сельские

З самага ранку пачынаецца праца ў полі. Зараз аграрыі ўбіраюць травы першага ўкосу, імкнуцца як мага хутчэй закрываць сянажныя ямы, каб захаваць якасць зялёнай масы.

Удзельнікі «зялёнага жніва» Мікалай Стрыёнак і Віктар Бабарыка,
трактарысты-машыністы сельскагаспадарчага абсталявання.

Аднымі з першых пачалі ўборку траў працаўнікі філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга». Гэтая гаспадарка — адзін з лідараў па вытворчасці малака ў Полацкім раёне, якасці кармоў тут надаецца асаблівая ўвага.

— Працу ў полі пачынаем у 7 гадзін раніцы, — распавяла галоўны аграном філіяла Святлана Русінская. — І косім, убіраем травы да вечара, пакуль не з’явіцца раса. У полі працуюць адзін КВК, тры адзінкі на адвозцы, тры касы, двое грабель. І для захавання тэхнікі бяспекі пажарная машына. Большасць працаўнікоў — вопытныя кадры, ставяцца да працы адказна. Траншэі да сенажу добра пад­рыхтавалі: вычысцілі, убралі, правялі дэзінфекцыю. Зрабілі з плёнкі рукаў. Вечарам пасля апошняй машыны з сенажом трамбоўка ідзе тры гадзіны, потым траншэя закрываецца. Раніцай зноў адкрываем і трамбуем.

Якасць корму на кантролі не толькі ў галоўнага агранома, але і галоўны заатэхнік Валянціна Троцкая зацікаўлена, каб травы былі скошаны ў аптымальныя тэрміны, не згубілі спажыўнасць і былі ўтрамбаваны з захаваннем тэхналогіі і з дабаўленнем кансерванту.

Па стану на раніцу серады ў філіяле была скошана плошча 425 га, убрана 377 га, нарыхтавана сянажнай масы 1070 тон.

«У параўнанні з мінулым годам крыху адстаем ад колькасці нарыхтаваных кармоў, — зазначае галоўны аграном. —Травы з-за недахопу вільгаці выраслі рэдкія, зараз убіраем люцэрну, поле нераўнамернае. Спякотнае надвор’е не спрыяе росту траў». Але, нягледзячы на цяжкасці, праца ідзе.

Усяго па раёне па стане на ўчарашнюю раніцу план уборкі траў першага ўкосу выкананы на 25,2%. Лі­дзіруюць на нарыхтоўцы кармоў гаспадаркі: філіял «Вясна-энерга» (скошана 477 га), «Гараны-­Агра» ( 305 га), «Новыя Гараны» (282 га). Па колькасці нарыхтаваных кармоў першынство трымае філіял «Вясна-энерга», дзе нарыхтавана 1285 тон сенажу.