ААТ «Кушлікі» — адно з буйнейшых сельгаспрадпрыемстваў Полаччыны. Гэтая гаспадарка славіцца не толькі багатым ураджаем другога хлеба беларусаў — бульбы, — але і штогод тут дасягаюць высокіх ураджаяў збожжавых і зернебабовых культур.
Па выніках абласнога спаборніцтва ў намінацыі «Сярод сельскагаспадарчых арганізацый па вытворчасці зернебабовых культур» ААТ «Кушлікі» прысуджана ІІІ месца. За атрыманне высокіх ураджаяў будзе заахвочана галоўны аграном гаспадаркі Людміла Лісіцына, І месца сярод старшых камбайнераў і камбайнераў сельскагаспадарчых арганізацый заняў экіпаж у складзе Аляксандра Каросціка і Сяргея Ганчаронка.
— У наш поспех укладзена праца ўсяго працоўнага калектыву, — упэўнены дырэктар ААТ «Кушлікі» Фёдар Завадскі. — Усе нашы працаўнікі — ад спецыялістаў да механізатараў — добра ведаюць свае абавязкі і адказна ставяцца да захавання тэхналогій вырошчвання культур.
Мы даўно ўсвядомілі, што няма дробязяў ні ў земляробстве, ні ў раслінаводстве, ні ў жывёлагадоўлі. Сёлета мы надалі пільную ўвагу вырошчванню гароху — культуры, багатай бялком. Паспрабавалі працаваць з двума новымі нямецкімі сартамі «Стартар» і «Саламанка». Атрымалі ўраджайнасць 42 ц/га. Гарох пойдзе на корм жывёле, мы такім чынам вырашылі бялковую праблему. У будучым плануем працаваць яшчэ і з бабамі.
Разам са спецыялістамі прыйшлі да высновы, што выбралі правільны накірунак у працы. Калі жывёла будзе атрымліваць збалансаваны корм, усе неабходныя рэчывы, —
павялічацца надоі малака, а гэта — асноўная наша мэта.
Галоўны аграном ААТ «Кушлікі» Людміла Лісіцына працуе на полацкай зямлі ўжо два дзясяткі гадоў, за гэты час набыла пэўны вопыт у вырошчванні ўсіх відаў культур. Але вопытны спецыяліст лічыць, што для дасягнення поспеху ў працы нельга стаяць на месцы, трэба пастаянна спасцігаць новыя веды, не баяцца эсперыментаваць. У размове з карэспандэнтам нашай газеты яна падкрэсліла: «Сёлета не было добрага надвор’я для зернебабовых культур. Пры лепшых умовах мы маглі атрымаць яшчэ большы ўраджай. Зернебабовымі занялі плошчу 153 гектары, сеялі гарох палявы і пасяўны, кармавыя бабы. Імкнуліся пасеяць культуры ў розны перыяд, каб быў зялёны канвеер. Вырошчвалі зернебабовыя з мэтай атрымання насення, але больш — для гаспадаркі, каб папоўніць рацыён жывёлы бялком».
Навіна пра тое, што родная гаспадарка выйшла ў лідары і будзе ўзнагароджана на свяце, вельмі парадавала Людмілу Раманаўну: «Гэта ўзнагарода для ўсіх нашых працаўнікоў, гэта прызнанне нашай працы, значыць, не дарэмна мы шчыруем у полі ў любое надвор’е з ранку і да вечара. З абласной сцэны на ўсю вобласць прагучаць нашы «Кушлікі» — вось што галоўнае! Так было калісьці, калі мы ездзілі на рэспубліканскія «Дажынкі». Так што пазіцыі не здаем, будзем імкнуцца працаваць яшчэ лепш!».
Старшы камбайнер Аляксандр Каросцік і камбайнер Сяргей Ганчаронак сёлета працавалі ў складзе аднаго экіпажа першы год. Вопытны Аляксандр Мар’янавіч сам прапанаваў маладому хлопцу «скласці яму кампанію» на ўборцы збожжавых і зернебабовых. Іх жалезны конь — «Мега-204» — намалаціў 1127 тон, нягледзячы на тое, што камбайн працаваў у «Кушліках» ужо 13 сезон. Перад пачаткам уборачнай камбайнеры старанна яго рамантавалі, Аляксандр за гады працы ведае свой агрэгат «на зубок».
Абодва хлопцы — тутэйшыя, родам з Кушлікаў. Працу на зямлі лічаць сваім прызваннем. Аляксандр можа працаваць і на легкавым аўтамабілі, і на МАЗе, і на камбайне. Перадавік — бацька дваіх дзяцей, імкнецца палепшыць дабрабыт сям’і. Сяргей Ганчаронак працуе ў сельскай гаспадарцы з 19 гадоў. Пачынаў слесарам, быў будаўніком, зараз працуе на электракары. Любіць тэхніку, адчувае сябе камфортна ў калектыве.