ААТ «Кушлікі» — школа перадавога вопыту

Заботы сельские

У пятніцу на базе ААТ «Кушлікі» адбылася калегія камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. У ёй бралі ўдзел начальнікі ўпраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкамаў вобласці, іх намеснікі па жывёлагадоўлі, нядаўна прызначаныя на пасады кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў з розных раёнаў Віцебшчыны, дырэктары раённых племстанцый.

Вядучы калегію першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Машэра прааналізаваў вынікі працы галіны жывёлагадоўлі Віцебскай вобласці з пачатку года, засяродзіўшы ўвагу на тым, што шэраг гаспадарак знізілі паказчыкі па вытворчасці малака. Напярэдадні калегіі спецыялістамі камітэта падчас наведвання палёў, дзе праходзіць летняе пашавае ўтрыманне кароў, вызначаны недахопы ў працы.

Жывёла з задавальненнем будзе спажываць свежую траву, пастухі і спецыялісты павінны працаваць у полі, своечасова пераганяць кароў, сачыць за станам іх здароўя. А пашу трэба рэгулярна падкошваць, тады і малако знойдзецца — гэта падкрэсліў Ул.А.Машэра.

Першы намеснік генеральнага дырэктара па племянной рабоце РУП «Віцебскае племпрадпрыемства» Леанід Сакалоў расказаў пра тэхналогію штучнага асемянення кароў у полі.

Практычная частка калегіі прайшла на адным з палёў ААТ «Кушлікі», дзе дырэктар гаспадаркі Фёдар Завацкі і спецыялісты раённых службаў давалі тлумачэнні па тэхналогіі падрыхтоўкі пашаў да выпасу кароў, па арганізацыі даення ў полі. Прысутныя дзівіліся на пашу: канюшына вырасла цудоўная! На месцы выпасу маюцца ў дастатковай колькасці соль і вада для статка, станок для асемянення, домік для пастухоў. У дадатак — належным чынам вя­дзецца дакументацыя.

«Хочацца падзякаваць дырэктару Фёдару Завацкаму, усім спецыялістам і работнікам гаспадаркі за працу, яны — сапраўдныя гаспадары на сваёй зямлі», — адзначыў старшыня калегіі і падкрэсліў, што Полацкі раён па выніках працы ў галіне жывёлагадоўлі — адзін з лепшых у Віцебскай вобласці.