Аграрыі Полацкага раёна выканалі заданне па сяўбе яравых зерневых культур ужо на 48,9%

Заботы сельские

Ранняя вясна сёлета дала аграрыям значную фору для добрага старта — пачаць сяўбу на два тыдні раней. Аграрыі Полацкага раёна выканалі заданне па сяўбе яравых зерневых культур ужо на 48,9%.

-Хоць і цяжкая па кліматычных умовах вясна, глеба марудна падсыхае, але на месцы не стаім, працуем, — пракаментавала сітуацыю з пасяўной кампаніяй Наталля Крывец, намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама.

Першымі справіліся з сяўбой яравых зерневых аграрыі філіяла «Вясна-­энерга» РУП «Віцебскэнерга» і УП «П-С Карпекі». Некалькі гаспадарак — «Кушлікі», «Гараны-Агра», «Новыя Гараны», «Полацкі аграсервіс», «Палімір-агра» — выканалі больш за палову задання, перавысілі сярэднераённы паказчык. У сельгаспрадпрыемстве «Палімір-агра» пасеялі ў раннія тэрміны кукурузу на плошчы 20 га. Забяспечанасць раёна насенным матэрыялам — 138%. Ёсць на палях вялікія вымачкі, іх давядзецца падсяваць, калі глеба падсохне.

Ранняя вясна дазволіла ўсім гаспадаркам актыўна заняцца ўнясеннем арганікі пад яравую сяўбу. Ужо ўнесена 190 тыс. т танных угна­енняў — амаль 60% да плана. Гэта праца — доб­ры задзел пад кукурузу, пад якую сёлета адведзена вялікая плошча.

У другі раз падсілкавалі азотам азімыя зерневыя і крыжакветныя культуры. Значны ўпор, як толькі да­зволіць надвор’е і глеба падсохне, будзе зроблены на хімпраполку азімых зерневых, пакуль план выкананы на 18,5%. Надаецца ўвага азімаму рапсу: 62,3% пасеваў апрацаваны інсектыцыдамі.