Бульбяны поспех ААТ «Кушлікі»

Важное Заботы сельские

«Сёлета ўраджайнасць другога хлеба амаль дасягнула 400 цэнтнераў з гектара, нягле­дзячы на засуху», — задаволена адзначаў дырэктар ААТ «Кушлікі» Фёдар Завацкі.

Працаўнікі ААТ «Кушлікі» Рэгіна Тумчонак і Ганна Панчанка.

І не хаваў сакрэтаў бульбянога поспеху. Агароднікі працавалі на ўраджай з першых дзён пасадкі караняплодаў. Сёлета яны павялічылі колькасць і памер пасадачных клубняў. Праца з насеннем праведзена вялікая. Спецыялісты рана пачалі фарміраваць грэбні. Пры такой тэхналогіі створаны аб’ём глебы дае магчымасць працяглы час захоўваць аптымальны запас вільгаці нават у засушлівыя перыяды, а таксама роўны тэмпературны рэжым у грэбні. Гэта станоўча ўплывае на развіццё раслін. Акрамя догляду за бульбай, выкарыстоўвалася сучасная, дарагая па кошце, пратрута. Кушлікоўцы штогод адтачваюць асаблівасці тэхналогіі вырошч­вання бульбы, і сёлета караняплод аддзячыў старанным бульбаводам добрым ураджаем.

За працай Кацярына Курыловіч.

У полі працавалі два бульбаўборачных камбайны і машыны, трактары на адвозцы ўраджаю. Сучасныя камбайны абсталяваны камп’ютарам, патрабуюць пісьменных аператараў. «Ніхто, акрамя нас, не прыйдзе і не ўбярэ ўраджай», — звяртаўся на ранішняй планёрцы да падначаленых дырэктар. І дзякаваў кожнаму, хто разу­мее важнасць своечасовай уборкі ўраджаю. Бульбай сёлета занята 193 га кушлікоўскіх палёў. Пасаджаны тры сарты — нямецкі «гала» другой рэпрадукцыі і беларускія «першацвет» і «палац». Убрана пакуль плошча крыху большая за 40 га. Пачалі ўборку з сорту «гала». Жоўценькія караняплоды прыгожыя, роўненькія, па знешнім выглядзе і смакавых якасцях задавальняюць спажыўцоў.

Фёдар Завацкі гля­дзіць далёка наперад. «Прададзім пэўную колькасць дробнай бульбы на крухмал, будзем удзельнічаць у кірмашах. Каму патрэбны якасны прадукт — выбе­руць мясцовы», — выказаў ён сваё спадзяванне.

На тэрыторыі бульба­сховішча разгорнуты сапраўдны завод па сартыроўцы караняплодаў на тры фракцыі: харчовую, дробную і насенную.Сюды прыязджаюць машыны і трактары з бульбянога поля. Ураджай спачатку ўзважваецца, а потым выгружаецца для сартыроўкі. Бульбяныя клубні хутка перамяшчаюцца па транспарцёрах, задача працаўнікоў — сачыць, каб кантэйнеры запаўняліся толькі добрымі караняплодамі.

Адчуваецца маштаб вытворчасці. Пачалася закладка насеннага фонду і бульбы на захоўванне. Бульбасховішча ўмяшчае 4,5 тоны ўраджаю. Першая камера на 800 тон ужо запоўнена. На сартавальных лініях працуюць каля дзясятка чалавек. Хутка «бегаюць» два электракары, іх задача — перавозіць і складваць кантэйнеры з ураджаем.
— Ураджай вырас, цяпер яго трэба захаваць і прадаць, — разважаў Фёдар Завацкі. — У мінулым годзе гаспадарка супрацоўнічала з Азербайджанам, сёлета таксама ёсць дамоўленасць на пастаўку ў гэтую краіну жоўтых караняплодаў. Былога попыту на беларускую бульбу ў расіян ужо няма.

На пытанне, ці ёсць перадавікі ў працы, Фёдар Фёдаравіч адказаў коратка: «Нікога не магу вылучыць. Усе — малайцы. Хто садзіў,  убірае, адвозіць і сартыруе. Усім дзякуй». 

Надзея дырэктара па сбыце агародніны на беларусаў, у першую чаргу — на землякоў. Фёдар Фёдаравіч дзякаваў дырэкцыі гандлё­вай сеткі «Дыяніс», дзе круглы год ідзе гандаль кушлікоўскай прадукцыяй. Называў і іншых пастаянных партнёраў. «Раней бальніца Наваполацка і дзіцячыя сады набывалі ў нас бульбу, цяпер гэтую нішу занялі камерсанты», — з засмучэннем адзначаў суразмоўца. Гандаль бульбай для насельніцтва ўжо пачаўся. Як звычайна — перад уваходам на тэрыторыю бульбасховішча. Зараз кошт 1 кілаграма прывабных караняплодаў — 66 капеек. «Магчыма, кошт будзе мяняцца. У які бок — пакуль не ведаю, на гэта ўплываюць розныя фактары», — зазначыў дырэктар.