Бязважная ёлка ў паветры, анёлы, маскарад… У дзіцячай мастацкай школе адкрылася выстава “Калядныя цуды”

Актуальное Культура

Зімовыя святы з іх традыцыямі, а таксама з усёй спадарожнай завірухай, упрыгожваннямі, падарункамі — не проста крыніца натхнення для майстроў ва ўсе часы. Гэта частка культуры, увасобленая ў розных відах і формах.

У выставачным зале Полацкай дзіцячай мастацкай школы адкрылася казачная выстава «Калядныя цуды». На ёй прадстаўлены карціны, выкананыя юнымі мастакамі ва ўзросце ад 10 да 16 год.

 — У зале экспануецца больш за 70 работ, — расказвае Наталля Лукашова, дырэктар мастацкай школы. – Свае палотны навучэнцы рыхтавалі з натхненнем, бо Каляды адно з любімых святаў і яно валодае нейкай магічнай сілай, якая збірае роднасныя душы разам, у паветры лунае атмасфера спакою і дабра.

Кожны аўтар выказаў сваё арыгінальнае бачанне вобраза Раства: зімовы лес, маскарадныя маскі, мядзведзі, лісы, козы, людзі над дамамі, балі… У той жа час у дзіцячых малюнках інтэрпрэтаваны і духоўныя матывы: анёлаў, каляднай зоркі, храмаў, а таксама народных традыцый. Працы адрозніваюцца яркім уяўленнем, палётам фантазіі і арыгінальнасцю.

 — Удзельнікі прадэманстравалі разнастайнасць тэхнік: гратаж, вітраж, графіка, жывапіс, аплікацыя — адзначае Наталля Мікалаеўна. – Навучэнцы паказалі свае ўменне працаваць з рознымі матэрыяламі: гуашшу, алейнымі фарбамі, алоўкамі, фламастэрамі, пастэллю.

Разнастайнасць тэхнік – у многім заслуга педагогаў, якія дапамагаюць ўвасобіць цікавыя задумкі, складаныя сюжэты.

Звяртае на сябе ўвагу дзіўная экспазіцыя з палотнаў, якія вучні выканалі разам са сваім настаўнікам Дзмітрыем Свяцкім. Па задумцы дзеці павінны былі ў сваіх малюнках адлюстраваць маскарадныя маскі. Але па меры выканання працы вырашылі, што чагосьці не хапае і жывапіс перарос у аплікацыю, якая дзіўным чынам спалучае ў сабе ўсе зімовыя святы: тут і абрад калядавання, і анёлы, і зімовыя домікі. Буянства фарбаў, вобразаў і сюжэтаў.

Гарманічна дапаўняюць выставу аб’ёмныя калядныя зоркі і ёлка, якая павісла ў паветры, створаная з папяровых сфер, якая пачынае рух ад самага легкага павеву ветру.

Падарыць сабе святочны настрой і атрымаць асалоду ад цудоўных работ можна па адрасе пр-т Францыска Скарыны, д.1. Уваход вольны. Магчыма групавое наведванне (папярэдні запіс па тэлефоне 46-36-19).