Даярка «П-С Карпекі» Святлана Віткоўская не баіцца аніякай працы

Заботы сельские

«Дзяўчына наша — безадмоўная, прыслухоўваецца да слушных парад кіраўніцтва гаспадаркі, калег і вельмі добразычлівая!» — такую характарыстыку далі аператары машыннага даення з фермы «Кауны» сельгаспрадпрыем­ства «П-С Карпекі» новай працаўніцы Святлане Віткоўскай.

Працавітая маладая жанчына пераехала ў Карпекі сёлетнім летам. Дома, у Шаркаўшчынскім раёне, таксама працавала даяркай, там спасцігала азы і тонкасці прафесіі. Уладкавацца на працу ў «П-С Карпекі» ёй параіла былая суседка, якая таксама пераехала ў Полацкі раён шукаць лепшай долі. Напярэдадні ў маладой жанчыны была сур’ёзная размова з кіраўніком гаспадаркі Аляксандрам Кавалёвым.

Дырэктар паведаміў, што ўзамен за яе адказную працу на ферме гаспадарка можа прадаставіць ёй з дзецьмі добраўпарадкаванае жыллё. Гэтая акалічнасць стала вырашальнай у прыняцці рашэння пераехаць на новае месца жыхарства і пачаць жыццё з чыстага ліста. Разам са Святланай у Карпекі прыехалі яе маці-пенсіянерка, шасцігадовы сын Яўген і трохгадовая дачушка Ніка. Хлопчык ужо асвоіўся ў новым дзіцячым садку, малую пакуль даглядае дома бабуля. А Святлана за кароткі час здабыла павагу калег па працы.

Загадчыца фермы «Кауны» Таццяна Дуброўская пацвердзіла, што Святлана хутка ўлілася ў калектыў. «Кароўнік, дзе яна працуе, — ідэальны. Усе тры даяркі ставяцца да выканання сваіх абавязкаў добрасумленна. Святлана не баіцца аніякай працы, на прагулку сваіх рагуль выганяе, своечасова выдае муку, шрот. Яна вельмі рухавая, пачынала працаваць на раздоі, справілася. Адчуваецца, што яна добры спецыяліст, нават падказвае вет­урачам, калі ў каровы падыхо­дзіць час цяліцца».

Святлана расказала, што задаволена жыццём на новым месцы. Галоўнае для яе, што заробак выдаюць без затрымак. Жанчына — адказная за дабрабыт сваёй сям’і, марыць пра дамашнюю ўтульнасць, у перспектыве плануе трымаць хатнюю гаспадарку.

Наконт любові да жывёлы — Святлана любіць кароў з дзяцінства, гэтыя грацыёзныя карміцелькі выклікаюць у яе пя­шчоту. А марыла яна працаваць у міліцыі. Нават скончыла тэхнікум, атрымала прафесію юрыста. Але жыццё ўнесла ў яе планы свае карэктывы. Калі дзяўчына ўпершыню прыйшла ўладкоўвацца на працу ў сельгаспрадпрыем­ства, ёй прапанавалі пасаду са­кратара дырэктара, але ў даярак заробак быў большы. І Святлана пайшла на ферму.

За шэсць год ні разу не пашкадавала пра свой выбар. Тут, ужо ў новай гаспадарцы, у даяркі з’явіліся і любімыя кароўкі з мянушкамі Мальвіна і Дуняша. Для сваіх улюбёнак Святлана заўсёды мае ў кішэні пачастунак — кавалачак хлеба ці яблык. Гэтыя кароўкі — лідары па надоях — даюць па 23-24 літры малака ў дзень. А зараз, калі ў рацыёне з’явіўся шрот, — з кожным днём даюць каштоўнага прадукту яшчэ больш.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *