Дзень беларускай кухні прайшоў у адной з устаноў адукацыі г.Полацка

Молодежь Образование

Ці ведаеце вы, што такое чукуляда, верашчака, наліснікі, лежань? Думаецца, наўрад. А гэта ж нашы беларускія стравы!

Каб далучыць школьнікаў да нацыянальнай культуры, народных традыцый, у ПДГ №1 імя Ф.Скарыны арганізавалі Дзень беларускай кухні. Яго дэвізам стала народная прыказка “Чалавек галодны ні на што не годны”. Праграма складалася з разнастайных мерапрыемстваў.

Яшчэ да ўрокаў адразу ў фае вучні ўдзельнічалі ў акцыі “Перакладзі – пачастунак атрымай”. Першы ўрок (не важна, які ён быў – фізіка або руская мова і г.д.) пачынаўся чытаннем урыўка з мастацкага твора, прысвечанага беларускім стравам. У гэты дзень гімназістаў таксама чакала медыяазбука ”Стравы ад А да Я”, віктарына “Ці ведаешь беларускую кухню?”.

Акрамя таго, кожнаму класу выдалі карту з заданнямі і сімвалічную лыжку, на якой школьнікі павінны былі запісаць у канцы дня свае ўражанні і прыняць з ёй удзел у акцыі “Далучы лыжку “смачнага” слова”.

На працягу дня вучні шукалі адказы на пытанні. У правядзенні мерапрыемства выкарыстоўваліся і сучасныя тэхналогіі. Так, па ўсёй установе былі размешчаны QR-коды, па якіх з дапамогай мабільнага тэлефона можна было знайсці цікавыя факты пра беларускую кухню, пачуць урыўкі з мастацкіх твораў. Для вучняў пачатковай школы арганізавалі гульню “Запрашаем на кірмаш “Традыцыйныя беларускія стравы”.

У меню школьнага буфета на гэты дзень значылася каля 30 страў, больш паловы з якіх складалі беларускія народныя, у тым ліку былі клёцкі, піражкі з бульбы з мясам, бабка з бульбы, каша пшанічная з гарбузом. Тут можна было знайсці страву на любы густ і на любы кашалёк. Дарэчы, кошт вельмі радаваў, напрыклад, талерка поліўкі са смятанай абыходзілася ўсяго ў 31 капейку.

Педагогі і вучні адзначаюць, што работнікі сталовай (загадчык вытворчасці Марына Яфіменка) вельмі стараюцца, каб ежа была разнастайнай і смачнай. Мусіць, таму кухары  кожны дзень чуюць ад вучняў “дзякуй”.

Ацаніць меню былі запрошаны тэхнолаг па харчаванні ўпраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама, кіраўніцтва ААТ “Полацк-гандаль” і спецыяліст Полацкага ЗЦГіЭ.

Людміла ЛОСЬ, намеснік дырэктара ААТ “Полацк-гандаль”, паведаміла: “Дзеці павінны ведаць нацыянальную кухню сваёй краіны, таму ў кожнай школе мы перыядычна праводзім такія дні. Хочацца, каб нашы аўтэнтычныя стравы ўваходзілі ў паўсядзённы рацыён школьнікаў, і мы стараемся ўключаць іх у меню.” Акрамя таго, яна адзначыла работу педагогаў пад кіраўніцтвам дырэктара Ірыны Даўгіх па арганізацыі ахвата школьнікаў гарачым харчаваннем.

Каб пашырыць слоўнікавы запас і кругагляд дзяцей, на дзвярах гардэроба, кабінетаў на розных паверхах віселі назвы беларускіх страў, рэцэпты, а побач з імі карцінкі з іх выявамі. У сталовай нацыянальны каларыт надавалі прадметы беларускага кухоннага побыту, багацце народнай кухні дэманстраваў накрыты абедзенны стол з аўтэнтычнымі стравамі беларусаў, а вітрына буфета прыцягвала рознымі відамі выпечкі.

Святочны настрой дадалі гэтаму дню творчыя нумары: у фае вучні ў нацыянальных касцюмах спявалі беларускія песні, беларускую народную музыку гралі настаўнікі.