Філіял «Вясна-энерга» РУП «Ві­цебскэнерга» на працягу многіх год утрымлівае лідарскія пазіцыі па вытворчасці малака ў Полацкім раёне.

Заботы сельские

Філіял «Вясна-энерга» РУП «Ві­цебскэнерга» на працягу многіх год, у любы сезон, стабільна ўтрымлівае лідарскія пазіцыі па вытворчасці малака ў Полацкім раёне.

Высокіх надояў малака на карову за суткі (19 кілаграмаў) жывёлаводы гэтай гаспадаркі дабіваюцца і ў зімовы час. Штодзённа філіял уносіць важкі ўклад (больш за 10 тысяч кілаграмаў малака) у агульнараённы вынік па вытворчасці каштоўнага прадукту.
Вядома, за гэтымі высокімі лічбамі стаіць штодзённая руплівая праца працаўнікоў сельгаспрадпрыемства. «Вопытныя даяркі працуюць на нашай малочнатаварнай ферме «Казьянкі» пад кіраўніцтвам брыгадзіра Святланы Шчокінай», — назвала нам адрас перадавога вопыту галоўны заатэхнік філіяла Валянціна Троцкая. І хутка адбылося наша знаёмства з лідарам гэтай фермы па валавым надоі малака ад каровы (6524 кілаграмы) за мінулы год Наталляй Бельскай.
Пра сваю любімую працу жанчына гаварыла з вялікім захапленнем. Яна палюбіла кароў яшчэ ў дзяцінстве, калі бегала на працу да маці — на ферму э/б «Ветрын­ская». У далёкім 1987 годзе Наталля пачала свой працоўны шлях. Набывала вопыт у э/б «Ветрынская», потым у в.Нача, за апошнія 15 год амаль родным стаў філіял «Вясна-энерга». Калісьці Наталля спрабавала змяніць прафесію. Вывучылася на прадаўца, год адпрацавала, але вярнулася на ферму. «Адчула, што крама — не маё, а вось каровы, цялушкі — мая стыхія!» — шчыра гаварыла даярка.
У яе ёсць свае меркаванні наконт стабільна высокіх надояў у іх філіяле. Значную ролю, на яе думку, тут адыгрываюць некалькі фактараў: жывёлы — добрай пароды, высокапрадуктыўныя, спецыялісты — вопытныя, пісьменныя, падыход да кармлення кароў — сучасны, догляд за рагулямі — з захаваннем тэхналогій. Кожную пятніцу на Дні жывёлавода падводзяцца вынікі працы даярак за мінулы тыдзень і ставяцца задачы на будучы. Наталля павінна надаіць за месяц больш за 450 кілаграмаў малака ад каровы. Гэтая лічба яе не пужае, а падштурхоўвае працаваць яшчэ лепш. Жанчына ўпэўнена, што кантроль і дапамога ў вырашэнні вытворчых пытанняў з боку кіраўніцтва філіяла і спецыялістаў і захаванне працоўнай дысцыпліны ўсімі працаўнікамі ўплываюць на колькасць і якасц­ь малака. Наталля з пяшчотай ставіцца да сваіх каровак (у яе групе іх 58), удзячная ім за кожны кілаграм «белага золата». Ёсць сярод іх любімыя — больш спакойныя, малочныя Румба, Нюша, Жужа…
Сям’я Наталлі Уладзіміраўны — муж Аляксей, які працуе ў філіяле «Вясна-энерга» механізатарам, дарослыя сын Юрый і дачка Вераніка, 12-гадовая дачка Ула­дзіслава — ставіцца да яе працы і любові да жывёл з разуменнем. У выхадныя родныя даюць працаўніцы магчымасць адпачыць, у будзённыя дні — падтрымліва­юць, дапамагаюць па гаспадарцы. Ёсць у вопытнай даяркі ад­душына — маленькі ўнучок Ігнат, з якім яна любіць бавіць вольны час.
Штодзень святло ў доме па вуліцы Чырвонаармейскай, дзе жыве Наталля Бельская, запальваецца ў чатыры гадзіны раніцы. У добрым настроі працавітая даярка зноў і зноў спяшаецца на сустрэчу са сваімі любімымі гадаванцамі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *