Фэст сярэднявечнай культуры «Рубон-2017» у Полацку адбудзецца 1-3 верасня. У фестывальныя дні ў палачан і гасцей горада з’явіцца ўнікальная магчымасць дакрануцца да Сярэднявечча!
У гэтым годзе «Рубон» зноў пройдзе на тэрыторыі парка ля Кургана Бессмяротнасці. Сярод шматлікіх новых мерапрыемстваў — сплавы на лодках, паказальныя абардажы і амаль сапраўдная бітва, што пройдзе згодна з нормамі, правіламі і тактыкай XIV-XV стагоддзяў.
Батальная праграма фестывалю будзе ўключаць турніры па правілах ранняга і развітага сярэднявечча, спаборніцтвы лучнікаў, бугурты. Асобным блокам «Рубона» плануецца фестываль аўтэнтычнай сярэднявечнай кухні, галоўнай «падзеяй» якога стануць традыцыйныя літоўскія стравы.
Акрамя таго, на «Рубоне-2017» чакаецца самая вялікая колькасць караблёў ранняга сярэднявечча, што калі-небудзь збіраліся на фестывалях Беларусі. Увечары 1 верасня будзе працаваць шоу-праграма «In quaero de alienis», 2 верасня запланаваныя канцэрты сярэднявечнай музыкі, танцы і гульні, турніры, бугурты, манеўры па перасечанай мясцовасці, сплавы на лодках і праца некалькіх сектараў для стральбы з луку.
Таксама 2 верасня пройдуць фестываль батлейкі і тэматычныя лекторыі, майстар-класы і тэатралізаваныя анімацыі. А 3 верасня над Дзвіной загучаць архаічныя спевы, адбудуцца тэатралізацыя бітвы, урачыстае закрыццё фестывалю і канцэрт сярэднявечнай музыкі.
Да таго ж, на працягу 2 і 3 верасня будуць працаваць рамесная слабада, дзіцячая пляцоўка, сярэднявечная таверна, фотазона «Прылады катавання», кантактны заапарк; можна будзе паездзіць верхам ці на сярэднявечных дракарах.