Ганаровы грамадзянін горада Полацка, паэт, пісьменнік, журналіст Навум Гальпяровіч быў удастоены Нацыянальнай літаратурнай прэміі

Культура

5 верасня, падчас урачыстага адкрыцця XXXIII Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічах, ганаровы грамадзянін горада Полацка, паэт, пісьменнік, журналіст, адданы патрыёт сваёй малой радзімы Навум Гальпяровіч быў удастоены Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы твор прозы» за кнігу «Чырвоны мост».

Гэта гонар не толькі для аўтара, але і для ўсіх палачан, бо кожны твор Навума Якаўлевіча — узнёслае прызнанне ў любові да горада, які дарагі не толькі яму, але і тым, чый лёс звязаны з гэтым месцам, адкуль бяруць вытокі беларуская дзяржаўнасць і духоўнасць, які з’яўляецца крыніцай натхнення і любові да роднай зямлі.

Мы звярнуліся да лаўрэата з просьбай падзяліцца сваімі пачуццямі ў сувязі з высокай узнагародай. Вось што ён распавёў:
— Калі падымаўся на галоўную сцэну свята, нібыта адчуваў за спіной вежы маёй Сафійкі, насупраць якой у полацкім радзільным доме я з’явіўся на свет, белую свечачку цэркаўкі Спаса, непадалёк ад нашай кватэры на вуліцы Фрунзе, вочы бабулі, мамы і таты, дарагіх сяброў.

Полацк для мяне і родная дзевятая школа, і Дом піянераў, куды я хадзіў у драматычны гурток, і бракамерыльны цэх завода шкловалакна, і рэдакцыя полацкай газеты, дзе я сфарміраваўся як журналіст… Гэта мая любімая настаўніца Тамара Фёдараўна, гэта рэдактар газеты Іван Фёдаравіч Лемеш, гэта сябры-журналісты Іван Стадольнік і Герман Кірылаў, гэта аднакласнікі і пітомніцкія мужыкі і кабеты, мудрыя дзяды і бабулі. Усе яны — героі маёй кнігі, якую я пісаў са шчырасцю і любоўю. Але галоўны герой — мой горад.

Заўжды марыў, каб мой Полацк палюбіўся многім людзям, каб яго слава лунала па ўсёй нашай краіне і за яе межамі. Дзякуй Богу, гэта стала адбывацца. І мой сціплы ўнёсак у гэта — мая кніга «Чырвоны мост». Менавіта так я ўспрыняў тое, што яна ўдастоена Нацыянальнай прэміі. 

Кнігі — гэта крокі лёсу. Кожная — адзін крок. У лёсу няма «направа» і «налева», толькі «прама і наперад…», — гэтыя словы з прадмовы да выдання. І, падымаючыся на сцэну, я адчуваў гэтыя крокі. Ад пітомніцкіх сцяжынак, школьных калідораў, рулонаў шклотканіны, ад карэктарскай у будынку старой друкарні, ад журналіцкіх камандзіровак у вёскі полацкага краю, ад блукання па вулках з сябрамі і прыгожымі дзяўчатамі, ад першых радасцяў і першых засмучэнняў, ад страт і знаходак, ад вернасці і здрадаў…

Усё гэта — мой Полацк. Гэта яго людзі — старыя і маладыя, беларусы і рускія, палякі і яўрэі. Гэта мае землякі, якім я ўдзячны за жыццёвую навуку, за спагаду і разуменне. Не ўсе гэтыя ўрокі былі радасныя і шчырыя, але ў палітры жыцця, нажаль, не бывае толькі ружовых фарбаў.

Вялікая падзяка ўсім, хто выказаў цёплыя словы пра маю кнігу, хто павіншаваў з высокай ацэнкай маёй творчасці. Гэта натхняе і дае сілы для далейшай творчай працы, галоўным героем ў якой заўжды будзе мой любы горад.

Я атрымаў шмат водгукаў. Гэта і палачане, і тыя, для каго Полацк адкрыўся з новага боку праз лёс аднаго з яго ўраджэнцаў. Пра гэта мне гаварылі на сустрэчах у Гродна і Астраўцы, у Віцебску і Мінску.
Нядаўна закончыў новы раман. Гэта своесаблівы працяг папярэдняга. Яго назва гаворыць сама за сябе — «Мой Іерусалім». Такім святым месцам для мяне стаў мой Полацк. Веру, што такім ён ёсць для кожнага з палачан.

Запісала Алена Літвінава, г.Полацк.