Газета з назвай «Бальшавік Полаччыны» выдавалася толькі 3 гады — з 1936 па 1938 г.

Главное

Гартаючы старыя падшыўкі «Бальшавіка Полаччыны», мы не знойдзем матэрыялаў пра другі бок жыцця, пра турму НКВД, якая размяшчалася ў будынках былога бернардынскага кляштара (раён Задзвіння), арышты палачан з абвіненнем у польскім шпіянажы, пра нестабільнае становішча ў суседзяў; пісалі толькі пра самае лепшае, поспехі і дасягненні краіны Саветаў.

Газета з назвай «Бальшавік Полаччыны» выдавалася толькі 3 гады — з 1936 па 1938 г. Новая назва значных зменаў полацкай перадавіцы не прынесла, акрамя  таго, што  на  яе  старонках зноў больш шырока асвятлялі жыццё розных сфераў дзейнасці па ўсёй Полацкай акрузе. Праўда, жыццё палачан у той час уступіла ў паласу ўсеагульнай ідэалогіі Камуністычнай партыі, калі з аднаго боку на старонках абмяркоўвалі «новую савецкую Канстытуцыю — дакумент сусветна-гістарычнага значэння», абіралі дэпутатаў на ўсесаюзныя з’езды і канферэнцыі, а з другога боку масава арыштоўвалі ўсіх тых, хто меў сваю асабістую думку і імкнуўся яе ад­стойваць.
У №258 за 1936 г. старшыня райвыканкама таварыш Варонін, выступаючы на парт­канферэнцыі, распавядаў пра дасягненні Полаччыны ў параўнанні з дакастрычніцкім перыядам: «У 1906 г. па данных Віцебскага статыстычнага камітэта Полацк меў 1 800 дамоў, 1 500 сажняў брукаваных вуліц, не меў ні вадаправода, ні электрастанцыі, асвятляўся газавымі ліхтарамі. На васьмі заводах і фабрыках Полацка, якія выпускалі прадукцыю на 100 000 рублёў у год, працавалі 35 рабочых. У 17 гарадскіх школах навучаліся
1 963 вучні, у трох бібліятэках састаялі 475 абанентаў. Галоўным заняткам насель­ніцтва быў гандаль, гадавы абарот якога дасягаў 2 728 00 рублёў.
Наш савецкі Полацк мае 2 962 дамы, вадаправод, каналізацыю, электрастанцыю. На прадпрыемствах працуюць 4 537 рабочых, якія вырабляюць прадукцыю на 16 млн рублёў у год. У 19 школах і 2 тэхнікумах навучаюцца 5 448 чалавек. У 41 гарадскіх бібліятэках 2 283 абаненты. Акрамя гэтага ў горадзе ёсць 26 клубаў, 38 дзіцячых садкоў, 12 ясель, аб якіх раней насельніцтва не мела і ўяўлення. Тавараабарот горада зараз даходзіць да 40 млн рублёў.»
Пісала газета і пра поспехі ў сельскай гаспадарцы. Так, «у 1936 г. удой на 1 карову складаў 1 100 л, свінарка калгаса «Чырвоны партызан» Ульяна Аляксеева захавала 102 парасяці, а цялятніца саўгаса «Новы шлях» Варанцова — 40 цялят. Гэта лепшыя паказчыкі па округу. Паспяхова вырашаецца і праблема бязграматнасці. Калі да рэвалюцыі ў раёне было 10 школ, то зараз — 113, дзе навучаюцца болей за 15 тысяч вучняў, граматнасць складае 92 % замест 20 %».
У гэты час шырыцца рух ударніцтва і сацспаборніцтва. На старонках газеты змя­шчаюць як партрэты перадавікоў-стаханаўцаў, так і нататкі пра разгільдзяеў і бракаробаў, з якімі вядзецца пастаянная барацьба і якія перашкаджаюць эканамічнаму росту. У газеце друкуюць інтэрв’ю са «знатнымі людзьмі», якія распавядаюць пра свае поспехі і абавязкова пра планы на будучыню. Матэрыялы выходзяць пад назвамі: «Я стану кваліфікаваным слесарам», «Зні­шчыць тормазы ў рабоце», «Узбройваемся ведамі агратэхнікі» і інш. На кожнай старонцы друкаваліся заклікі, якія заклікалі браць прыклад з лепшых, ганарыцца выхаванцамі.
Камуністычнай партыі.
У гэты час роля «правадыра ўсіх народаў, мудрага таварыша Сталіна» была ўзнята на небывалую вышыню. Многія паведамленні пачыналіся і заканчваліся словамі ўдзячна­сці Іосіфу Вісарыёнавічу, яму прысвячалі вершы і песні, дасылалі тэлеграмы і віншаванні. Вось некалькі слоў з газетнага артыкула за 1 студзеня 1937 г.: «Пад геніальным кіраўніцтвам беззаветна любімага правадыра і друга ўсяго чалавецтва таварыша Сталіна мы пойдзем наперад к комунізму». У падборцы матэрыялаў, прысвечаных жыццю некаторых калгаснікаў, якія прайшлі шлях ад простага жыхара Полаччыны да спецыяліста, кожны ліст у рэдакцыю быў «звернуты да таго, чыё імя носіць у сэрцы кожны працоўны Савецкага Саюза — вялікага Сталіна».
У гонар Камуністычнай партыі і яго кіраўніка праводзіліся не толькі з’езды і канферэнцыі, але і пераходы ў процівагазах, на конях або на лыжах. Адзін з такіх пераходаў з Полацка ў Мінск і назад, які меў працяг­ласць 467 км, адбыўся ў 1937 г. Яго ўдзельнікамі сталі вай­скоўцы, працоўныя, калгаснікі і студэнты, перадавікі і стаханаўцы Полаччыны. Гэты пераход у процівагазах стаў прапагандай пашыранага ў той час руху «Осоавиахима СССР» (таварыства садзеяння абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву). Палачане ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў па дарозе праводзілі палітзаняткі і лекцыі, чыталі для малаграматных калгаснікаў газеты, знаёміліся з працай перадавікоў прадпрыемстваў, а яшчэ арганізавалі 5 пярвічных арганізацый па абароне
краіны.


Але на дальнія пераходы былі здатныя не толькі мужчыны, але і жанчыны Полаччыны, работніцы-актывісткі, жонкі стаханаўцаў станцый Полацк і Дрэтунь. Яны здзейснілі такі паход у процівагазах па маршруце Полацк-Смаленск летам 1937 г. «Адразу запісаліся 45 чалавек, а пасля медыцынскага агляду дапушчаны былі толькі 38, з якіх да пераходу адабралі толькі 19. Трэніроўкі праходзілі кожны дзень, хуткасць руху ў час трэніроўкі складала ад 5 да 6,5 км у гадзіну па перасечанай мясцовасці. Старт быў дадзены 12 чэрвеня. Намі было пройдзена 245 км з сярэдняй хуткасцю 3,7 км у гадзіну… На ст. Рудня, даведаўшыся, што ў Смаленску знаходзіцца наш жалезны нарком Лазар Маісеевіч Кагановіч, мы з дазволу праўлення дарогі вырашылі раней вызначанага часу фінішыраваць у Смаленску і прыбылі туды на 12 гадзін раней. Камандзір пераходу Зелянкевіч» («Большавік Полаччыны», чэрвень, 1937 г.).
Практыка падобных пераходаў у краіне была і раней. Так, яшчэ ў лютым 1929 г. палачане здзейснілі пераход Полацк-Мінск на лыжах для ўдзелу ва Узорна-лыжным прабегу, які назвалі «ледзяным пераходам». Падчас пераходу лыжнікі, якіх узначальваў таварыш Вішнеўскі, «распаўсюдзілі кніжкі пасяўной кампаніі, 16 білетаў «Аўтадора», шмат агітлозунгаў, правялі стрэльбы з малакалібернай вінтоўкі. Полацкая каманда была ў ліку лепшых па рэспубліцы. 11 лютага цягніком палачане вярнуліся ў Полацк» («Чырвоная Полаччына», люты 1929 г.).


На старонках «Бальшавіка Полаччыны» можна было сустрэць і артыкулы пра гістарычнае мінулае Полацка, яго помнікі культуры і архітэктуры. Мы сёння вельмі мала ведаем пра дзейнасць Полацкага акруговага музея ў 1930-я гг., і цікавай знаходкай сталі газетныя матэрыялы дырэктара музея Веры Карэ­лінай, якая была звольнена з працы ў канцы
1930-х гг. за палітычныя погляды. У некалькіх публікацыях, прысвечаных Сафійскаму сабору, ішла гаворка аб самым старажытным храме беларускай зямлі, гісторыі яго стварэння, яго архітэктурнай унікальнасці: «Унутры сабора з самага нізу даецца імкненне ўвысь. Патокі святла, якія канцэнтруюцца ля алтара, павялічваюць перспектыўны падман. Столь нібы знікае ва ўсё заліваючых светавых праменнях, нібы расчыняецца неба. Дадайце да гэтага гукі аргана ці песнапення хору, дым кадзільніц, міганне свечак — і будзе зразумела ўся сіла містыфікуючага ўздзеяння ўсёй гэтай папоўскай сістэмы, будзе зразумела, што азначае такая своеасаблівасць архітэктуры». («Бальшавік Полаччыны», №115, 1937 г.).
Пра полацкую газету з назвай «Бальшавік Полаччыны» вядома не так і многа. Яна з’яўлялася друкаваным органам Полацкага акружнога камітэта, яго выканкама і раённага камітэта КП(б)Б. Газета выходзіла тыражом больш за 6 тысяч экземпляраў. Адказным рэдактарам быў Барыс Зельманаў, яго на­меснікам — Барыс Межарыцкі, а супрацоўнікамі газеты — Цярэнцій Лясовіч, Мікалай Швадкоў, Іван Карандзей, Аляксандр Жыхараў, Леанід Главацкі, Пётр Пятроў. Яшчэ
з 1933 г. у газеце працаваў таленавіты журналіст Гірш Маісеевіч Голанд, які вярнуўся ў Полацк і пасля вайны. Свой лёс з полацкай перадавіцай у гэты час звязаў і Павел Андрэевіч Шадзеўскі, які ўзначаліць рэдакцыю ў пасляваенны час, калі газета будзе выходзіць пад назвай «Бальшавіцкі шлях».
Ірына ВОДНЕВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *