Яўген Стома — лепшы пастух ААТ «Новыя Гараны» Полацкага раёна

Заботы сельские

Пастух. У гэтай прафесіі доўгія карані з даўніх часоў. Жывёлу пасвілі заўсёды, і роля пастуха для паспяховага развіцця сельскай гаспадаркі — значная. Вядома ж, ад таго, як карова сходзіць на пашу, залежыць і колькасць малака. Існуе нават народны жарт пра тое, што малако ў заатэхніка ў галаве, у даяркі — у руках, у каровы — на языку, а ў пастуха — у нагах. Жарт ёсць жарт, але ў ім — і доля праўды.

На самой справе, добраму пастуху на працы прысесці некалі, яму трэба за дзень наматаць не адзін кіламетр пехатой. Пастух пераганяе жывёлу ў новыя загоны, сочыць, каб траўка была сакавітая, і жывёла добра пасвілася. Яго мэта — накарміць каровак, каб гаспадарка атрымала больш малака. Зараз час актыўнага выпасу жывёлы, і ці стане гэты месяц перыядам вялікага малака, у многім залежыць ад пастухоў. З тым, што пасвіць жывёлу — навука зусім простая, можна паспрачацца. Не кожны справіцца. Нам пашчасціла пазнаёміцца з чалавекам, для якога паша — працоўнае месца, і зносіны з рагулямі — справа жыцця.
Яўген Анатольевіч Стома, лепшы пастух ААТ «Новыя Гараны», — сціплы, негаваркі чалавек, які справу пастуха ведае дасканала.
— -Калі працуе Яўген — каровы заўсёды даюць больш малака, чым пры іншых пастухах. Здаецца — і поле тое ж самае, і статак той жа, а агульны вынік — лепшы! — нахвальвала Яўгена загадчыца фермы Новыя Гараны №1 Надзея Бортнікава.
Наша сустрэча адбылася ва ўрочышчы Пусташы, дзе пасвіўся першы статак фермы Новыя Гараны з 200 кароў. Апоўдні якраз ішла дойка. Яўген Стома працаваў са статкам. Для рагуль яны з напарнікам ужо адвялі новы загон, на які тыя пераходзілі, як падояцца.
— За дзень мы робім многа загонаў. Толькі пасля абеду — чатыры, з іх — перадначны, начны. Трава вырасла добрая, сочная, таму што рэгулярна вядзецца падкос пашы. Каровы ходзяць спакойныя, прахладнае надвор’е ім падабаецца. Мы з Сяргеем Сядых сочым, каб каровы не толькі паелі травы, але і папілі вады, калі трэба — з’елі солі. Бачым, што траву саскубалі, — адгароджваем новы загон, — расказваў вопытны пастух.
У дзяцінстве ён марыў быць шафёрам, трактарыстам. Пасля вучобы ў школе на малой радзіме ў Міёрскім раёне закончыў вучылішча ў Пашуціне, атрымаў прафесію механізатара. Адслужыў у арміі. Калі прыйшоў уладкоўвацца на працу ў сельгаспрад­прыемства — была вакансія пастуха. Зга­дзіўся, бо меў вопыт. У іх дома дзве каровы былі, маці працавала даяркай, даводзілася хлопцу і кароў у поле ганяць, і маці дапама­гаць. Юнаком пасвіў цялушак разам з дзядзькам. Жывёлу любіў, і праца на свежым паветры яму была па душы.
З той пары прайшло два дзясяткі гадоў. І ў Яўгена Стомы — 20-гадовы вопыт працы пастухом. У ААТ «Новыя Гараны» прыйшоў менавіта пасвіць жывёлу, і кіраўніцтва гаспадаркі яго праца задавальняе.
— Электрапастух дапамагае? — пытаемся ў Яўгена. І чуем у адказ, што жывёла ўжо прывыкла да такой агароджы і блізка да яе не падыходзіць, а для пастухоў, канешне, гэты металічны провад, які зараджаецца ад сонечнай батарэі, — надзейны памочнік. Як і другая прылада для працы — пуга, якую каровы баяцца.
Жонка Яўгена — Наталля Радзько — працуе на гэтай жа ферме даяркай, ходзіць у перадавіках. Калі прыязджае на дойку — прывозіць мужу абед. Пастухі ж працуюць на пашы двое сутак, потым двое сутак — адпачынак. Яўген — дбайны гаспадар, на выхадных дапамагае жонцы даглядаць дом і агарод. Гаспадарка некалькі год таму сям’і жывёлаводаў з трыма дзецьмі выдзеліла жыллё, і цяпер бацькі апраўдваюць давер кіраўніка ААТ «Новыя Гараны» Вісарыёна Нама сваёй адказнай працай.

У мінулым годзе разам з бацькам пасвіў кароў малодшы сын Дзмітрый, які сёлета закончыў першы курс Полацкага ліцэя сельгасвытворчасці. Бацька вучыў юнака прамудрасцям прафесіі пастуха — і той зразумеў, што быць пастухом — справа вельмі важная і адказная. На пытанне, ці любы чалавек можа працаваць пастухом, наш суразмоўца адказаў станоўча, але дадаў, што трэба абавязкова любіць жывёлу. Загадчыца фермы адкрыла нам сакрэт: у лепшага пастуха ёсць у статку любімая карова з мянушкай Анёлачак, якая адказвае яму ўзаемнасцю: ходзіць за ім па слядах і заўсёды ўдзячная за пачастункі.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *