Крысціна Бялова з фермы «Залессе» э/б «Ветрынская» Полацкага района працягвае дынастыю жывёлаводаў

Заботы сельские Люди

З маладой даяркай Крысцінай Бяловай з э/б «Ветрынская» мы — даўнія знаёмцы. Яна не аднойчы была пераможцай абласнога і раённага вытворчага спаборніцтва па вытворчасці малака сярод аператараў машыннага даення ва ўзросце да 31 года. Дзяўчына не здае лідарскіх пазіцый.


Працуе заўзята, абслугоўвае групу з 66 рагуль, з асаблівай пяшчотай даглядае цялят, якім з задавальненнем дае мянушкі.

Дачка з дзяцінства праяўляла ціка­васць і любоў да жывёлы, — распавядала маці Крысціны, Наталля Леанідаўна Баброўка, загадчыца фермы «Залессе». — Мая маці працавала даяркай, сама я з 1997 года загадваю фермай.
Крысціна стала аператарам машыннага даення кароў у 18 гадоў. Спачатку ёй дапамагалі маці і калегі. Дзяўчына прыслухоўвалася да парад, вучылася і вырасла ў добрага спецыяліста. Тое, што фермай загадвае маці, падштурхоўвае маладую даярку працаваць як мага лепш. Ранішняя дойка пачынаецца ў 5 гадзін, Крысціна ніколі не спазняецца на працу. Дзяўчына па цемры ідзе адна, не баіцца.

Добрыя словы пра працалюбівых жывёлаводаў выказала дырэктар гаспадаркі Вікторыя Слабада: «На такіх людзях трымаюцца фермы і малочная вытворчасць увогуле!»


Наталля Леанідаўна шкадуе, што дачка не захацела працягваць вучыцца на заатэхніка. Паступіла завочна ў тэхнікум, здала сесію і больш не паехала. «Мабыць, калі-небудзь захоча нешта змяніць у жыцці, маладая яшчэ», — выказала надзею маці.


Ферма «Залессе» перайшла з трохразовага на двухразовае даенне, у даярак цяпер больш вольнага часу. Пакуль маці і 22-гадовы брат Дзяніс на працы, Крысціна дапамагае па гаспадарцы, чытае кнігі. Любіць займацца выпечкай, гатаваць новыя стравы, з нагоды ці проста па жаданні можа прыгатаваць торт.
8 сакавіка ў іх утульным доме будзе свята. Дзяніс, як і належыць мужчыне, павіншуе з Днём жанчын маці і сястру. Наталля Леанідаўна ганарыцца, што яе дзеці выраслі годнымі людзьмі.

«Праца ў сельскай гаспадарцы цяжкая, але пачэсная, — падсумавала нашу размову вопытны жывёла-
 вод. — І, калі моладзь хоча працаваць на ферме,  у галіны ёсць  будучыня!»