Мастацкая галерэя запрашае на чарговую выставу

Культура

У Мастацкай галерэі адбылося ­адкрыццё выставы графікі Уладзіміра Савіча пад назвай «…Кожнаму на волю Бог дае іспыт…».

Разам з вядомым беларускім мастаком, які гэтымі днямі адзначыў 70-годдзе, свае работы прадставіў ягоны сын Андрэй Савіч, які цалкам падзяляе творчую пазіцыю бацькі.

У свой юбілейны год майстар плануе падрыхтаваць некалькі персанальных выстаў у розных гарадах Беларусі. А першая з іх адкрылася ў Полацку, горадзе, які мастак лічыць для сябе асабліва значным.

Звяртаючыся да прысутных, загадчык Мастацкай галерэі Ларыса Лысенка заўважыла, што творы Уладзіміра Савіча вызначае не толькі глыбокі сэнс, але і асаблівы беларускі каларыт, якія мастак увасабляе ў вобразах. «У кожным фрагменце ці сімвале закладзена тая думка, тая філасофія, якая расказвае менавіта пра Беларусь», — адзначыла яна.

На творчасці Уладзіміра Савіча, якую, без перабольшвання, ужо можна назваць класікай, выхавана не адно пакаленне творцаў. Ён — мастак, ілюстратар, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, узнагарожданы ордэнам Францыска Скарыны.

Сам мастак прызнаўся: «Кожная мая выстава — па-першае, справаздача перад самім сабою. Заўсёды думаю: ці пацвярждаю я божае наканаванне быць мастаком, ці выконваю сваю місію ў мастацтве?» Выказваючы ўдзячнась усім, хто прыйшоў на адкрыццё выставы, Уладзімір Савіч падкрэсліў, што для яго вельмі важна атрымаць ацэнку ад простых людзей, аматараў творчасці — не мастакоў. Таму, што самае адмысловае мастацтва павінна быть, перш за ўсё, зразумелым, даносіць думку творцы да кожнага.

Калі хочаце ўбачыць філасофскія роздумы, увасобленыя ў вобразах і фарбах, атрымаць эстэтычную асалоду ад сустрэчы з высокім мастацтвам — завітайце ў Мастацкую галерэю. Выстава працуе да 8 мая.
Алена КАЛЕНІК (тэкст і фота).