На Полаччыне пачалася сяўба

Заботы сельские

Цёплае веснавое надвор’е паклікала ў поле сейбітаў. На палеткі гаспадарак «П-С Карпекі», «Блізніца», «Палімір-агра», дзе глеба падсохла, выехалі трактары з сеялкамі, першыя зярняты яравых культур ляглі ў падрыхтаваную глебу.

Працуем ва ўрочышчы Емяльянікі. У аўторак засеялі зернебабовай сумессю 12 гектараў, сёння плануем на гэтым полі плошчай 43 гектары поўнасцю завяршыць сяўбу. З сеялкай працуе Леанід Чарткоў, на прыкатванні пасеваў — Уладзімір Смыкаў. Абодва мужчыны  вопытныя, працуюць якасна, спадзяюся на іх высокі прафесіяналізм, — расказала Іна Ванславовіч, галоўны аграном УП «Палімір-агра».


Па словах спецыяліста, падрыхтоўка да веснавой пасяўной кампаніі ў іх гаспадарцы прайшла зладжана, тэхніку адрамантавалі, насенне пачысцілі, пратруцілі. Глеба падсілкоўваецца ўгнаеннем, уносяцца сродкі аховы раслін. Надзейнае плячо сялянам падставіў інвестар — завод «Палімір» ААТ «Нафтан», на падрыхтоўку да пасяўной выдаткавана нямала і ўласных сродкаў гаспадаркі.

Па стане на ўчарашнюю раніцу ў Полацкім раёне засеяна плошча 77 га. У шэрагу гаспадарак на палях, якія паступова падсыхаюць, актыўна ідзе ўзворванне пад яравую сяўбу.


З мэтай павелічэння кармавой базы паліміраўцы сёлета апрацоўваюць некалькі палёў на тэрыторыі Астроўшчынскага сельсавета. Увогуле працавітым сялянам гаспадаркі вясной належыць засеяць агульную плошчу 1120 га: пад зерневую групу адведзена 320 га, рапс зойме 100 га, кукуруза — 400 га і аднагадовыя травы — 300 га.