Чырвоны мост — гэта Полацк, яго сэрца. Менавіта аб ім, шчыра і ўзнёсла, у сваёй новай кнізе, рамане-эсэ «Чырвоны мост», напісаў наш вядомы зямляк, ганаровы грамадзянін горада Полацка, журналіст, паэт, пісьменнік, публіцыст, адданы сын роднай зямлі, Навум Гальпяровіч. Яму слова:

Герберт Уэлс сказаў, што кожны чалавек можа напісаць адну кнігу, і гэта будзе пра яго жыццё.
Я пісаў яе пэўны час, але, калі гаварыць вобразна, пісаў гэтую кнігу ўсё жыццё. Бо Полацк — мой горад, дзе я нарадзіўся, дзе прайшло маё дзяцінства, дзе я працаваў, адкуль пачынаўся мой жыццёвы, журналісцкі і пісьменніцкі лёс.
У паэтычным апошнім раздзеле я змясціў верш «Мой Полацк — мой Ерусалім». Як для вернікаў усіх канфесій Ерусалім святы горад, так для мяне — гэта мой горад. І гэта не перабольшванне, не экзальтацыя, бо Полацк стаў месцам сілы, духоўным апірышчам.
Увогуле, кніга складаецца з трох частак, у якіх я распавёў пра дзяцінства, сяброўства, сталасць, першае каханне, і завяршаецца яна паэтычным раздзелам.
Літаратурны крытык, кандыдат філалагічных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры НАН Беларусі Любоў Дуктава, у сваёй рэцэнзіі, змешчанай у часопісе «Беларуская думка» нават параўнала гэты прыём з кампазіцыяй славутага рамана Барыса Пастарнака. Я, безумоўна, не ставіў перад сабой такую задачу, але без вершаў пра мой горад, пра святую Еўфрасінню не мог абысціся.
У адным з вершаў, таксама змешчаным у гэтай кнізе, я пішу: «Так цяжка быць проста шчырым, бездапаможна шчырым, ні літасці, ні кахання за шчырасць сваю не прасіць…» Кніга вельмі шчырая, і гэта на мяне накладае асаблівую адказнасць. Я ведаю, што, як гаворыцца, у кожнага свая оптыка, і, магчыма, нехта з герояў ці іх блізкіх па-іншаму бачылі ці бачаць тыя падзеі і сябе ў іх. Але мяне суцяшае, што я пра ўсё пісаў з вялікай любоўю.
У кнізе жывуць і мой Пітомнік, і Караедня, і Манастыр, і Сафійка, і Грамы, і Задзвінне, і Пагіршчына, і Чарнешчына…

Чаму назваў кнігу «Чырвоны мост»? Для мяне гэта сімвал, не проста геаграфічны пункт, гістарычны помнік. Гэта месца, дзе мы сустракаліся з сябрамі, дзе я напаткаў сваю будучую жонку, гэта вірлівая Палата, на стромым беразе якой стаяла хатка, якую мы называлі «Хіжына Дзядзькі Тома», бо ў ёй жыў заўчасна пайшоўшы з жыцця адзін з нашай тройкі самых закадычных сяброў.
Я, безумоўна, хвалююся, і цешыць толькі тое, што маю ўжо даволі шмат добрых водгукаў у друку, на прэзентацыях, ад звычайных людзей.
Мяне крануў тэлефонны званок ад даволі маладога чалавека, які цяпер жыве ў Мінску. Ён сказаў, што палачанін, і хоча атрымаць аўтограф. Я запрасіў земляка дадому, ён прыйшоў з двума малымі сынамі, мы пілі гарбату, размаўлялі, было хораша і вельмі цёпла, бо з намі быў наш Полацк.
Я люблю мой горад усёй душою, і гэта любоў давала і дае мне сілы і вядзе да самых розных здзяйсненняў. Сын простых, звычайных палачан, я вырас у асяроддзі такіх жа звычайных, але у звычайнасці сваёй неверагодна багатых душою людзей.
Магчыма, гэта нясціпла, але працытую словы з аднаго свайго верша, у якіх, мне падаецца, наш характар, наша адметнасць, наш менталітэт: «Мы на зямлі палачане». Гэта гонар і гэта адказнасць перад сабою, перад лепшым у свеце горадам, перад усёй Беларуссю».
Дарэчы, калі вам цікава разам з аўтарам здзейсніць падарожжа ў мінулае роднага горада, адчуць атмасферу 50-60-х гадоў, паблукаць у думках па вуліцах юнацтва і дзяцінства, прачытайце «Чырвоны мост». Выданне можна набыць у полацкай кнігарні.
Падрыхтавала
Алена Ліцвінава, г.Полацк.
Фота БЕЛТА.









