Ноч адкрыццяў і ўражанняў прайшла у Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку

Культура

Выставы, канцэрты класічнай музыкі і кавер-бэнда, кулінарныя і ткацкія майстар-класы, квэсты, караоке і мноства іншых мерапрыемстваў наведалі палачане ў Ноч музеяў у Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

Міжнародная акцыя праходзіць у Полацку ўжо пятнаццаты год. І кожны раз яе арганізатары імкнуцца здзівіць удзельнікаў нечым новым.

Гастранамічнае асарці

У гэты вечар многія спяшаліся ў Домік Пятра I, каб даведацца рэцэпт ідэальнага драніка. Сакрэтамі кулінарнага майстэрства дзялілася Ясенія Ульяновіч, навучэнка хіміка-тэхналагічнага кале­джа, пераможца кулінарнага шоу «Рэспубліканскі чэмпіянат па драніках». «Дадаваць муку не варта, толькі бульбу, яйкі і цыбулю. Смажым абавязкова на рапсавым алеі», — навучала Ясенія. Тут жа прайшла прэзентацыя бургераў і ролаў ад Ірыны Штукінай і сустрэча з Аляксеем і Варварай Коц — даследчыкамі гастранамічнай гісторыі Полаччыны ад старажытных часоў да нашага часу.

Для дзяцей і не толькі

Бацькі з дзяцьмі спяшаліся ў дзіцячы музей, дзе іх чакалі гульні, лабірынты, інфармацыйны кіёск, выстава наручных гадзіннікаў. Аднак больш за ўсё прыцягвала ўвагу інтэрактыўная праграма, прысвечаная мультфільмам.

А для самых цікаўных падрыхтавалі віктарыну. Парадаваў маленькіх гасцей і прыродна-экалагічны музей — там працаваў міні-заапарк аддзела экалагічнага выхавання Полацкага РЦДіМ.

У музеі беларускага кнігадрукавання гасцям прапанавалі прагляд фільма па творы «Палескія
рабінзоны», а таксама запрашалі прыняць удзел у конкурсе і паглядзець выставу, прысвечаную прыгодам і фантастыцы ў беларускай літаратуры і прымеркаваную да 140-годдзя з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Янкі Маўра.

З беларускім каларытам

Яскравай падзеяй стала адкрыццё выставы тэкстылю «Фарбы беларускага ткацтва» Святланы Еўдакіменка і Вікторыі Ярковіч (г.Мінск) у Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я. «Тандэм калег працуе ў розных тэхніках. Асноўны ж напрамак іх мастацкай дзейнасці звязаны з вырабам габеленаў», — распавяла Аксана Козел, загадчык музея. Жанчыны правялі майстар-клас па пляценні паясоў на дошчачках.

Мастацкая галерэя прапанавала майстар-клас па друкаванні гравюр з кніг Скарыны. Жадаючыя маглі пазнаёміцца з працэсам і стаць уладальнікамі ўласнаручна вырабленага адбітка. Наведвальнікі разглядалі факсіміле 29 гравюр Францыска Скарыны з яго выданняў «Апостал», «Малая падарожная кніга», «Біблія», «Псалтыр» і іншых.

На пляцоўцы новай выстаўкі «ПроСОВТОРГ, или развитие торговли в Полоцке с 1919 по 1991 годы» Краязнаўчага музея наведвальнікам прапанавалі прыняць удзел у квэсце «У паход па крамах». Аматары інтэлектуальных, забаўляльных гульняў праяўлялі веды ў матэматыцы, «збіралі» набор для паходу ў тэатр, а таксама ўзважвалі тавар.
Лепш за ўсіх з заданнямі справіліся Тэрэза Зізава, Маргарыта Абаева, Таццяна Адамовіч, Маргарыта Біркун, Соф'я Вальмус, Яраслаў Павялковіч, Ганна Субоціна і Святлана Андрунёнак. Пераможцы атрымалі падарункі ад арганізатараў і спонсараў, а імі сталі ТАА «Всеторг», ТАА «ЕАК МАРКЕТ» і крама «Планета. Адзенне і абутак». 

Ад класікі да року

Выдатным дадаткам да інтэрактыўных пляцовак, музейных экспазіцый стаў канцэрт пад адкрытым небам мала­дзёжнай кавер-поп-рок-групы «Мі Дыез». Гледачы спявалі разам з артыстамі хіты з рэпертуару гуртоў «Сплін», «Кароль і Шут», брытанскай спявачкі Адэль.

Падарункам для аматараў музыкі стала праграма «У сугуччы труб», якая ў велічнай Сафіі сабрала сапраўдны аншлаг. У выкананні Ксеніі Пагарэлай, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь (арган), і Валянціна Юхневіча (труба) прагучалі творы з рэпертуару Франца Шуберта, Іагана Баха, Валерыя Кікта, Крыштафа Глюка і многіх іншых. Кампазіцыі ў начны час набылі асаблівы шарм і рамантыку.

Насычаная, яркая ўрачыстасць надоўга застанецца ў памяці яго ўдзельнікаў.

Фота Іллі Швядко.