Па старонках гісторыі газеты «Полацкі веснік»

Калейдоскоп праект "Бацькаўшчына"

Пасля вызвалення Полаччыны, якое адбылося ў канцы мая 1920 года, рэдакцыя газеты на чале з Рушуком вярнулася ў горад. Яна заняла памяшканне па вуліцы Камуністычнай у доме №12. У напаўразбураным горадзе, які знаходзіўся ў неверагодна цяжкім эканамічным становішчы, газета не прыпыніла сваю дзейнасць. У 1920 годзе «Октябрьское эхо» вялікага фармату выходзіла 3 разы на тыдзень.

Якасна, змястоўна

У пачатку 1922 года ў полацкай перадавіцы адбыліся новыя змены. Пад назвай «Красное Знамя» газета стала друкаваным органам Полацкага Павятовага выканаўчага камітэта і Павятовага камітэта РКП(б). Газету ўзначаліў новы рэдактар — М.Калмык. Малады, ініцыятыўны чалавек, загадчык агітацыйна-прапагандысцкага аддзела Полацкага Павятовага камітэта, ён сіліўся надаць новаму выданню салідны выгляд. Першыя нумары газеты выхо­дзілі тыражом каля 500 штук, але рэдакцыя планавала павялічыць яго да 1000 экзэмпляраў. У пастаянных рубрыках «Советская Россия», «Партийная жизнь», «Сельское хозяйство» друкаваліся як невялікія, але якасныя і змястоўныя паведамленні, так і ёміс­тыя, грунтоўныя матэрыялы па розных галінах навук.

Калі пагартаць старонкі, можна ўбачыць і розныя наборы шрыфтоў, і невялікія віньеткі-ўпрыгажэнні. Напэўна, у друкарні працавалі людзі, якім гэтая справа была знаёмая. У некаторых нумарах сустракаецца імя загадчыка друкарні — М.Бурын.

З перапынкам

Па словах М.Калмыка, «газета павінна была стаць арганізатарам, ініцыятарам, правадніком у барацьбе за новае жыццё». Верагодна, у пачатку 1923 года М.Калмык трагічна загінуў. Сёння апошні вядомы нумар «Красного Знамени» датуецца 2 мая 1923 года. Мяркуецца, што газета спыніла на некаторы час сваё існаванне. Але новыя адміністрацыйныя змены ўнеслі свае карэктывы, і праз год, у верасні 1924 года, полацкая перадавіца зноў сустрэлася са сваімі чытачамі пад назвай «Полоцкий пахарь».

Супрацоўнікі газеты на чале з рэдактарам імкнуліся надаць газеце літаратурны напрамак. На старонках выдання часта змяшчаліся прыказкі, прымаўкі, вершы, даваліся практычныя ­парады.