Па старонках гісторыі: насустрач юбілею газеты «Полацкі веснік»

Калейдоскоп праект "Бацькаўшчына"

Толькі пасля таго, як горад пакінулі нямецкія войскі і ў Полацку ўзнавілі працу Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, з новай сілай загучаў голас полацкай перадавіцы.

Новыя людзі, новыя планы

Прыйшлі новыя людзі, з новымі планамі і марамі, у газеты з’явілася новая назва. 22 лістапада 1918 года выйшаў першы нумар «Красной газеты». Вядома, што ў склад рэдакцыі ўвайшлі таварышы Кабаніхін (член Полацкага павятовага выканкама), Падалка і Шпаер. Газета выходзіла амаль штодзённа, тыраж поўнасцю раскупаўся, хаця з-за недахопу паперы яна выдавалася невялікім фарматам. У распараджэнне рэдакцыі было перададзена абсталяванне прыватных друкарняў Полацка.

Праз месяц, з 19 снежня, газета вярнула сваю старую назву «Извес­тия Полоцкого уездного Совета рабочих, крестьянских и батрацких и красноармейских депутатов». Сёння ў Музеі беларускага кнігадрукавання можна ўбачыць нумар за 27 ліпеня 1919 года. Кожны выхад газеты быў сапраўднай падзеяй для рэгіёна. Жоўтыя пацёртыя старонкі, якіх чакалі як палачане, так і вяскоўцы, неслі чытачам не чуткі і плёткі, а самыя свежыя навіны і аповеды пра ўсё, што адбывалася і на Полаччыне, і далёка за яе ­межамі.

Радкі з матэрыялу дырэктара полацкага архіва Я.Дадона ў адным з нумароў газеты за 1928 год:  «Увесь час грамадзянскай вайны на Полаччыне (да 1922 г.) друкавалася ў Дрэтуні, з выпускам 3 разы ў тыдзень газэта «Октябрьское эхо». Усе добра памятуюць гэтую, шырока ў той час распаўсю­джаную на Полаччыне газэтку на жоўтай паперы, з вельмі часта зьмяняючыміся фарматамі. Яе чытала тут Чырвоная армія, яе чытала сялянства часткі Полаччыны, не занятай белапалякамі. Роля і значэнне гэтай газэты, калі на ўсім левым беразе стаялі польскія гарматы і кулямёты, — добра вядома. Па гэтай часопісі зараз мы можам знаёміцца з хронікай жыцьця і барацьбы — вялікай гістарычнай эпохай на Полаччыне».

На станцыі Дрэтунь

Але Полацк яшчэ толькі марыў пра мірнае жыццё. У верасні 1919 года горад і часткова павет зноў на 9 месяцаў сталі арэнай ваенных дзеянняў. На станцыю Дрэтунь было эвакуіравана кіраўніцтва павета разам з друкарняй полацкай газеты. Рэдакцыя прыняла рашэнне ў сувязі са зменай палітычнага і эканамічнага станові­шча змяніць і назву выдання. З кастрычніка газета пачала выходзіць як «Октябрьское эхо», стаўшы органам Полацкага павятовага ваеннага рэвалюцыйнага камітэта, утворанага ў сувязі з набліжэннем фронту.

Ірына Воднева,
загадчык Краязнаўчага музея.