«Гэты горад называецца Полацк…» Радок з песні славутага барда Юрыя Візбара добра знаёмы прыхільнікам яго творчасці далёка за межамі Беларусі. Тыя, каму пашчасціла нарадзіцца на гэтай зямлі, нясуць у душы благаславенне стагоддзямі намоленага месца, у сэрцы — любоў і адданасць малой радзіме і гонар за тое, што маюць права звацца палачанамі. Гэты горад называецца Полацк!
Лёс вызначае для кожнага свой шлях. Нібыта птушаняты з гнёздаў, разлятаюцца людзі па свеце, але ніколі не губляюць нябачнай сувязі са сваім месцам сілы і гатовыя шмат
зрабіць дзеля яго росквіту. Полацк натхняе, аб’ядноўвае, аберагае сваіх сыноў і дачок, сілкуе іх добрыя памкненні. Адно з якіх — стварэнне Полацкага зямляцтва — згуртавання палачан па нараджэнні незалежна ад таго, дзе яны зараз жывуць.
Адным з ініцыятараў дадзенага праекта з’яўляецца Навум Гальпяровіч, вядомы беларускі паэт, пісьменнік і публіцыст, ганаровы грамадзянін Полацка, яго адданы патрыёт. Мы звярнуліся да Навума Якаўлевіча з просьбай расказаць пра сваё бачанне перспектыў дзейнасці суполкі і пра тое, што значыць родны горад для палачан. Прапануем вам пазнаёміцца з яго аповедам.
Нібыта родныя
«Меў рацыю паэт Рыгор Барадулін, які напісаў у свой час: «Ёсць полацкі менталітэт». У трапнасці і вернасці гэтага выразу я пераконваўся не раз, калі сустракаў землякоў у самых розных гарадах і краінах.
Валодзя, назавём яго так, расказаў, што працуе ў аэрапорце даўно, мае дом і сям’ю, але сумуе па родным Полацку. Ён запрашаў у госці, і мы дамовіліся, што на зваротным шляху — а мы ляцелі ў пасёлак Белаярскі — я абавязкова завітаю да земляка.
Але так сталася, што ў Белаярскім мы непрадказальна затрымаліся на тыдзень з-за нялётнага надвор’я і па дарозе назад вымушаны былі хутка перасесці на борт па накірунку Ханты-Мансійска, і сустрэча з земляком не адбылася.
А між тым лётныя экіпажы Сібіры шукалі нас, каб перадаць прывітанне ад палачаніна — мех чырвонай рыбы.
Тое, што засталося ад падарунка, нам прывезлі знаёмыя з Масквы, дзе, нарэшце, прывітанне знайшло правільны маршрут.
Гэта толькі адзін з прыкладаў, калі мне даводзілася пазнаваць знаёмых палачан — у Мінску, Віцебску, Брэсце, Гродна — і адчуваць тое братэрскае пачуццё любові да нашага роднага Полацка, які даў нам пуцёўку ў вялікі свет. Мне заўсёды быў цікавы іх лёс, і я ганарыўся іх поспехамі.
Мэта — быць разам
Ідэя аб’яднацца ў полацкае зямляцтва нібы лунала ў паветры, і так атрымалася, што ўжо першая спроба дала станоўчы вынік.
Адным з «канструктараў» стварэння суполкі выступіў былы старшыня Полацкага гарвыканкама Уладзімір Тачыла. Ён цудоўна разумеў, што могуць зрабіць ураджэнцы горада аб’яднаўшыся, каб унесці свой уклад у скарбонку добрых спраў для свайго роднага кута. Якая стваральная сіла крыецца ў любові і адданасці Полацку.
Памятаю сустрэчу ў сталіцы, у нацыянальным гістарычным музеі. Да сабраўшыхся далучыліся тагачасны міністр культуры, былы дырэктар па кадрах полацкага завода шкловалакна Уладзімір Мацвяйчук, вядомыя пісьменнікі Генадзь Бураўкін і Алесь Савіцкі, былыя кіраўнікі горада і раёна, дэпутаты, паважаныя ў краіне гаспадарнікі, медыкі, артысты, настаўнікі, чый жыццёвы і творчы шлях пачынаўся ў Полацку.
Памятаю сціплы аэрапорт у сібірскім пасёлку Бярозава. Раптам у праходзячым міма лётчыку ў форме пілота грамадзянскай авіяцыі пазнаў полацкага мальца, які сябраваў з маёй аднакласніцай. Я часта бачыў яго, калі ён чакаў Валю, калі мы выходзілі са школы пасля ўрокаў. Ні імя, ні прозвішча хлопца я не ведаў, між тым тут, у Сібіры, далёка ад дома, мне ён падаўся блізкім, амаль родным. Відаць, і ў яго было такое пачуццё, бо мы кінуліся адзін аднаму ў абдымкі.
Добрыя справы
Мы разам думалі пра наш горад, абмяркоўвалі ідэі, уносілі прапановы, і ўсё гэта вылівалася ў цікавыя праекты. Так, былы дырэктар Батанічнага сада садзейнічаў таму, што ў горадзе, ля плошчы Свабоды, была высаджана алея прыгожых туй, былы кіраўнік полацкіх меліяратараў паспрыяў добраўпарадкаванню тэрыторый школ і дзіцячых садкоў, пры садзеянні былой супрацоўніцы полацкай газеты, дырэктара аднаго з выдавецтваў Наталлі Ванінай з’явілася кніга «Полацк — бацька гарадоў беларускіх», якую мы напісалі разам з ёю.
Дарэчы, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, дырэктар Батанічнага сада Уладзімір Мікалаевіч Рашэтнікаў не раз прызнаваўся мне, што заўсёды лічыў сябе палачанінам, хоць у горадзе правёў толькі першыя гады дзяцінства.
У слаўнай кагорце
Сёння сярод вядомых палачан я бы мог назваць дзясяткі і сотні людзей — палітыкаў, вучоных, пісьменнікаў, дзеячаў культуры. Яны жывуць і працуюць у сталіцы, абласных цэнтрах, у розных рэгіёнах краіны і за яе межамі. Але ў іх сэрцах жыве малая радзіма, месца, дарагое назаўсёды, бо, як сказаў славуты палачанін Францыск Скарына, да роднага горада яны «вялікую ласку маюць».
Таму адраджэнне актыўнай стваральнай дзейнасці Полацкага зямляцтва будзе, безумоўна, спрыяць многім добрым справам дзеля шчаслівага сёння і светлай будучыні нашага агульнага, роднага, слаўнага горада Полацка».
Сярод вядомых палачан можна назваць, безумоўна, старшыню Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлю Качанаву, якая ў свой час таксама стаяла ля вытокаў стварэння зямляцтва, чый лёс непарыўна звязаны з родным горадам. З Полацка пачынаўся прафесійны шлях старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігара Карпенкі, рэктара Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслава Даніловіча, дырэктара музея гісторыі Мінска Галіны Ладзісавай, вучонага, кандыдата навук, былога дэпутата Вярхоўнага Савета Уладзіміра Цялежнікава, пісьменніка, літаратуразнаўцы, літаратурнага крытыка, драматурга, кандыдата філілагічных навук Пятра Васючэнкі, гісторыка, калекцыянера, пісьменніка Уладзіміра Ліхадзедава, мастакоў Уладзіміра Шапо, Льва Аганава, Васіля Васільева і іншых.