Падрыхтоўка да вясны ў сельгас­арганізацыях Полацкага раёна пачалася з восені

Заботы сельские

Падрыхтоўка да вясны ў сельгас­арганізацыях Полацкага раёна пачалася з восені, пасля пастаноўкі на захоўванне тэхнікі і агрэгатаў, якія працуюць у полі.

Зімой праводзіліся неабходныя рамонты, і вось зараз інжынерныя службы гаспадарак і механізатары здаюць экзамен па гатоўнасці тэхнікі да вясенне-палявых работ. Сёлета дзяржагляд сельскагаспадарчай тэхнікі пачаўся на 10 дзён раней, чым у былыя гады. Першымі 19 лютага ў лінейку гатоўнасці для праверкі выстраіліся трактары і аўтамабілі сельгаспрадпрыемства «Палімір-агра», на наступны дзень — філіяла «Вясна-энерга», потым — сельгаспрадпрыемстваў «Гараны-Агра» і «П-С Карпекі». Па графіку дзяржагляд пройдзе ва ўсіх гаспадарках раёна.

Своечасова падрыхтавалі насенны матэрыял у гаспадарцы «Гараны-Агра».

— Тут захоўваюцца пшаніца азімая «маркіза», авёс першай і другой рэпрадукцыі, два сорты гароху — адзін пойдзе на вырошчванне насення, другі на сумесь, — праводзіла экскурсію па зернесховішчу гаспадаркі аграном Аксана Рагоўская. — Сёлета мы своечасова адсарціравалі каля 200 т насення. Пачалі з яравых культур. Ужо атрымалі пасведчанні пра канды­цыйнасць.

Кожная культура падпісана, пазначаны яе сорт, этап размнажэння, маса партыі, паказчыкі якасці.

— Імкнемся да стварэння добрых умоў для захоўвання насеннага матэрыялу, — уключылася ў размову загадчык складам Ганна Зайцава. Жанчына нясе адказнасць за два зерневых склады і два з угнаеннямі.

Яшчэ адзін аграном гаспадаркі Ніна Варзопава распавяла, што працы ў аграномаў хапае і зімой. Шмат часу займае афармленне дакументаў.

Аксана Рагоўская падзялілася планамі на вясну: пад зерневую групу плануецца адвесці 550 га: па 200 га — пад авёс і пшаніцу і 150 га пад зернебабовыя. Шмат давядзецца працаваць з кукурузай. Гэтую культуру сёлета запланавалі пасеяць на плошчы 952 га, у мінулыя гады было 540-550 га.

Нягледзячы на прадстаячыя цяжкасці, жанчыны чакаюць вясну. Аксана Рагоўская падкрэсліла: «Галоўнае для нас — каб тэхніку падрыхтавалі нашы інжынеры і механізатары. Сяўба патрабуе захавання тэхналогіі, без спраўных трактараў і сеялак якаснай сяўбы і высокіх ураджаяў не атрымаецца»