Палачане адзначылі «Мядовы Спас»

Культура

Штогод 14 жніўня Полацк становіцца мядовай сталіцай. На праспекце Францыска Скарыны разгортваецца кірмаш, дзе ідзе шырокі гандаль мёдам і іншымі прадуктамі пчалярства.

Не стаў выключэннем і сёлетні жнівень. У ня­дз­е­лю было шматлюдна не толькі на праспекце, але і на плошчы Францыска Скарыны. Тэматычны канцэрт, падрыхтаваны творчымі сіламі Полацкага ГПК, знайшоў сваіх прыхільнікаў. Была цікавай і забаўляльная праграма, якую арганізавалі ўпраўленне па адукацыі Полацкага райвыканкама і Полацкі раённы ФСК «Прыддзвінне». Святар Полацкай епархіі асвяціў сёлетні мядовы ўраджай.
Шмат жадаючых купіць мёд выстраіліся ў чаргу ля палатак майстра-пчаляра Надзеі Сіманковай, сельгаспрадпрыемства «Палата», сям’і Карнілавых з вёскі Лукаўцы Зялёнкаўскага сельсавета. Многія палачане спыняліся ля пчаляроў, якія прыехалі з ландшафтнага заказніка «Ельня» Міёрскага раёна, з Верхнядзвінскага, Шаркаўшчынскага раёнаў. Мёд прадавалі на любы густ — цёмнага і светлага колераў, вадкі і закрышталізаваны. Жадаючыя набывалі пылок, пяргу, мёд у сотах.

Гандаль мёдам ішоў актыўна. Цэны за паўлітра каштоўнага прадукту — ад 6 да 8 рублёў. Найбольш танны мёд быў з разнатраўя, самы дарагі — верасовы.

— Сёлета не надта вялікі мядовы ўраджай, але сезон працягваецца. Спадзяюся, што пчолкі яшчэ паспяхова папрацуюць на канюшыне і грэчцы, — падзялілася планамі пчаляр Надзея Сіманкова (на фота).

Адзін з пакупнікоў — 76-гадовы палачанін Сямён Сяргееў — штогод набывае на Мядовы Спас 8 літраў мёду, каб хапіла ім з жонкай на цэлы год. Раніцай яны ўдваіх п’юць мядовую ваду нашча. Мужчына ўпэўнены, што гэта прывычка дапамагае ім быць бадзёрымі і здаровымі, нягледзячы на сталы ўзрост.

Фота Аліны БАЛЬШАКОВАЙ.