Паспяхова працягваецца праект «Полаччына гасцінная»

Заботы сельские

Паспяхова працягваецца праект «Полаччына гасцінная» Полацкага раённага Цэнтра культуры па адраджэнні традыцыйнай аўтэнтычнай мясцовай кухні. Дапытлівая гарадская дзяўчына Надзейка, ролю якой выконвае метадыст Полацкага РЦК Надзея Зайцава, ужо здзейсніла некалькі кулінарных падарожжаў у розныя куткі Полацкага раёна і занатавала ў свой кулінарны блакнот рэцэпты рэдкіх беларускіх страў, якія захавалі доўгажыхары Полацкага раёна.

Нядаўна Надзейка пазнаёмілася з Алінай Фёдараўнай Аксёнавай, жыхаркай вёскі Аўдзеева Аст­роўшчынскага сельсавета. Гэтая гаспадыня навучыла дзяўчыну гатаваць дзве стравы, якія калісьці былі распаўсюджаны ў Астроўшчынскім сельсавеце. Першая з іх — лянуха — малочны суп са свежай капусты, другая — сырніца па-аўдзееўску — сыр з тварагу.


Безумоўна, пра такія стравы гераіня праекта яшчэ не чула, таму ўважліва слухала і назірала, як Аліна Фёдараўна спрытна наразала капусту і іншую агародніну.

— У даўнія часы не кожны дзень на стале былі сала ці мяса. Таму нашы продкі гатавалі стравы з таго, што было. Для лянухі, напрыклад, бралі бульбу, морк­ву і капусту. Іх варылі, а потым супчык з агародніны забельвалі для смаку малаком. На сённяшні дзень гэтая страва можа падацца дыетычнай, а ў былыя часы яе гатавалі, каб сям’я не засталася галоднай, — распавядала 80-гадовая гаспадыня.

Другую страву — сырніцу па-аўдзееўску — Аліна Фёдараўна пачала гатаваць за тры дні да сустрэчы з Надзейкай. Галоўны інгрэдыент гэтай стравы — тварог — трэба было змяшаць з яечным жаўтком, пакласці ў палатняны мяшок пад цяжар, каб сышоў сок. Гатовы сыр трэба абліць растопленым сметанковым маслам і частаваць гасцей.

Падтрымаць Аліну Фёдараўну ў няпростай справе здымацца ў кіно (працэс прыгатавання страў і зносіны з Надзейкай запісваў мясцовы тэлеканал «Скіф») прыйшлі яе дзве сяброўкі Алена Свірская і Надзея Нікалаева — жыхаркі суседняй вёскі Шпакоўшчына. Жанчыны нахвальвалі гаспадыню дома: яна і гасцінная, і чуллівая, і таленавітая, а галоўнае — вельмі на­дзейны чалавек!

Пакуль гатавалася лянуха, Надзейка даведалася, што Аліна Фёдараўна — вельмі дружалюбны чалавек, поруч з ёй па жыцці заўсёды ідуць песня і гумар. Нарадзілася яна ў Палюдавічах — гэтая вёска ад Аўдзеева знаходзіцца непадалёку, а ў гэты населены пункт прыехала за мужам. Аліна Аксёнава, не зважаючы на ўзрост, займае актыўную жыццёвую пазіцыю. У сваёй вёсцы яна — старэйшына, сяляне звяртаюцца да яе па дапамогу. У вёсцы 27 двароў, але мясцовых жыхароў — толькі 7. Аліна Фёдараўна трымае цесную сувязь з Астроўшчынскім сельскім выканаўчым камітэтам, і, калі ў вёсцы ўзнікла нейкая праблема, напрыклад, камусьці патрэбны камбайн, каб абмалаціць ячмень, — адразу інфармуе сельскую ўладу. У зімовы час пад кантролем старэйшыны чыстка вуліц ад снегу, вулічнае асвятленне. У вольны час жанчына любіць спяваць. Яна з’яўляецца актыўнай удзельніцай трох творчых калектываў: вакальнай групы «Родныя напевы» Шпакоў­шчынскага СДК, тэатра мініяцюр «Завалинка» і вакальнай групы «Расплескуха» Астроўшчынскага СДК.
З мужам Мікалаем Барысавічам, які ўжо пайшоў з жыцця, яны пражылі 53 гады. Выхававалі дзвюх дачок і сына. Дзеці жывуць у Наваполацку, разам з чатырма ўнукамі яны — частыя госці ў вёсцы Аўдзеева. Нашчадкі ганарацца сваімі продкамі: бацька Аліны Фёдараўны Фёдар Васільевіч Папкоў у свой час узначальваў калгас «Чырвоная Полаччына», а яе дзядуля служыў садоўнікам у цвярскога памешчыка А.А.Рымскага-Корсакава, сваяка вялікага рускага кампазітара. Яго маёнтак знаходзіўся ў вёсцы Бяздзедавічы. Пабудова пачатку ХХ стагоддзя захавалася да нашых дзён.

На завяршэнне «Смачнага падарожжа Надзейкі» госці з Полацка — гераіня праекта і ўдзельнікі творчых калектываў Раённага Цэнтра культуры — завіталі ў Бяздзедавічы, да маёнтка А.А.Рымскага-Корсакава (зараз там размешчана аддзяленне сястрынскага догляду Наваполацкай гарадской бальніцы). Там яны зрабілі цікавую інсцэніроўку: паспрабавалі перанесці падзеі пачатку ХХ стагоддзя ў наш час, добрым словам узгадалі прадстаўніка старадаўняга дваранскага роду, цвярскога памешчыка А.А.Рымскага-Корсакава і яго садоўніка — дзядулю Аліны Фёдараўны Аксёнавай з вёскі Аўдзеева, знаёмства з якой пакінула прыемныя ўражанні ва ўсіх удзельнікаў чарговага кулінарнага падарожжа Надзейкі.



Tagged