Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 ужо 10 год носіць імя славутага беларускага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны.

Главное

Кажуць, што месца нара­джэння чалавека вызначае яго лёс, а вось настаўнікі і вучні Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 імя Францы­ска Скарыны перакананы ў іншым: вызначальным у жыцці становіцца менавіта месца вучобы. І гэта невыпадкова…

З самага пачатку свайго існавання Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 наканавана было стаць адметнай установай адукацыі. Адчыніўшы свае дзверы ў 1938 годзе, тады яшчэ сярэдняя школа №12 пачала занатоўваць ва ўласны летапіс перамог першыя дасягненні. За амаль 80-гадовую гісторыю яркіх адкрыццяў і значных падзей будзе шмат. Мяняліся назва, знешні выгляд, але заўсёды захоўваліся ўнікальныя адукацыйныя традыцыі.
У розныя гады з лёсам гімназіі звязаны імёны белару­скага пісьменніка, Ганаровага грамадзяніна г.Полацка Алеся Савіцкага, мастака Аляксандра Гурэвіча.
Жыццё і дзейнасць Ф.Скарыны, яго спадчына натхнялі і натхняюць калектыў гімназіі на добрыя справы і ўчынкі, аддаючы даніну павагі той вялікай справе, на якую натхніла зямля продкаў. Вобраз першадрукара ўвасоблены ў адметнай «Скарынаўскай зале», стваральнікамі якой з’яўляюцца настаўнікі гімназіі. Штогод на базе гімназіі, напачатку верасня, адбываецца Скарынаўская алімпіяда. Як зазначае дырэктар Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 Святлана Валюшкіна, вобраз Францыска Скарыны адчувальны ва ўсіх справах і пачынаннях  — на плён і карысць роднай гімназіі і свайму гораду.


Нягледзячы на навамодныя тэхнічныя «фішкі», сучасныя інтэрактыўныя падыходы ў адукацыі, Полацкая дзяржаўная гімназія №1 імя Ф.Скарыны ўсё ж імкнецца захаваць галоўнае — атмасферу роднасці ды блізкасці адзін да аднаго. Ветэран педагагічнай працы Ніна Азернікава, якая да таго ж з’яўляецца адной з першых вучаніц школы, пера­ступіўшы яе парог у далёкім 1938 годзе, а потым прысвяціўшы школе амаль 30 гадоў цікавага і плённага настаўніцтва, прызнаецца, што тут заўсёды панавала асаблівая атмасфера, калі «ўсе спяшаліся ў школу атрымліваць веды». Адукацыйны падмура­к і сёння вызначальны ў насычаным і шматгранным жыцці гімназіі, пра што сведчаць шматлікія перамогі на ўсіх узроўнях рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, выніковы ўдзел у самых розных праектах, конкурсах, айчынных і замежных.


Пачэсныя рэгаліі і гучныя дасягненні дазваляюць кро­чыць у нагу з часам, але ў той жа момант і памнажаць слаўныя традыцыі. Чым жа вызначаецца Полацкая дзяржаўная гімназія №1 імя Ф.Скарыны сярод іншых навучальных устаноў регіёну?
У шчырай размове намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Казлова не хавала ўзрушаных пачуццяў, гаворачы пра асаблівую «дамашнюю» атмасферу, дзе пануюць лад і парадак, дзе вучні вылучаюцца моцнай прагай да ведаў, а выкладчыкі ўвасабляюць дастойны прыклад настаўніцт­ва. «Калі я прыйшла сюды працаваць у 1999 годзе, мне здавалася, што гімназія — гэта штосьці неверагоднае, — узгадвае Алена Уладзіміраўна. —
І хацелася тварыць, развівацца самой і развіваць нашых дзяцей на ўзроўні менавіта гімназіі. Прыемна, што нашы намаганні даюць плён. Што дзеці ціка­вяцца. Што яны ў нас у гімназіі нейкія асаблівыя».


Паліна Сляпцова, вучаніца 10 класа, пераможца заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, актыўная ўдзельніца каманды гімназіі ў інтэлектуальным турніры
«Скарынаўскія гульні», прызнаецца, што дасягнуты поспех —  у многім вызначальны: «Не­магчыма не пранікнуцца прагай да ведаў, якая пануе ў роднай гімназіі. Хочацца быць дастойным паспяховых алімпіяднікаў, гэта натхняе на новыя перамогі і здзяйсненні». Нашчадкаў Скарыны вызначае таксама і моцны творчы патэнцыял. Выпускніца гімназіі Валерыя Хадасевіч, напрыклад, атрымала Гран-пры на Скарынаўскай алімпіядзе ў намінацыі «Мастацкае чытанне», а яшчэ — прадстаўляла родную гімназію ў разнастайных вакальных конкурсах не толькі ў межах краіны. Увогуле, у гімназіі шмат увагі надаецца нефармальнай адукацыі: хлопчыкі і дзяўчаты ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах, выставах, спяваюць, танчаць, іграюць у тэатральных пастаноўках, праяўляюць сябе ў спорце.

Асаблівым для калектыву школы і яго вучняў стаў 1992 год, калі на базе ў той час ужо СШ №7 была адчынена першая ў горадзе Полацкая нацыянальная гімназія, у 2005 годзе гімназія прайшла акрэдытацыю Дэпартамента кантролю якасці ведаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і стала называцца «Полацкая дзяр­жаўная гімназія №1».
У 2007 годзе гімназія стала лепшай у горадзе і была занесена на абласную Дошку гонару, а праз год ёй было нада­дзена імя славутага беларускага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны.
…Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 імя Францыска Скарыны па праву ёсць чым ганарыцца. Новыя дасягненні і надалей будуць папаўняць скарбонку поспехаў і добрых спраў. А нашчадкі Скарыны — вылучацца асаблівай адказнасцю за тое, што было і будзе…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *