Полацкiя сустрэчы

Главное Культура Люди

Пад такой назвай у Полацку пройдзе шэраг літаратурных і краязнаўчых мерапрыемстваў, прысвечаных гісторыі і культуры старажытнага Полацка. Менавіта Полацк, Дзвіна, як шлях у Еўропу, далі свету выдатных дзеячаў навукі, культуры, асветы. Далёка за межамі горада вядомы імёны Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага.

Ініцыятарамі выступілі Выдавецкі дом «Звязда», Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Полацкі райвыканкам і Ганаровы грамадзянін Полацка, вядомы паэт, празаік, публіцыст, журналіст і грамадскі дзеяч Навум Гальпяровіч.

Сярод гасцей свята — краязнаўцы, пісьменнікі, грамадскія дзеячы з Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, іншых еўрапейскіх краін. Бліжэй пазнаёміцца з удзельнікамі «Полацкіх сустрэч» вы можаце ў сённяшнім «Полацкім весніку» і ў нумары нашай газеты за аўторак, 2 чэрвеня.

Копия IMG_2191

Станіслаў Валодзька — беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. У 1987 годзе скончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Зараз жыве ў латвійскім горадзе Даўгаўпілсе.

Яго творы публікаваліся ў Англіі, Польшчы, Расіі і ва Украіне. Некаторыя яго творы перакладзены на латышскую, латгальскую і польскую мовы.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам Міністэр­ства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», Ганаровай граматай Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь i памятным медалём да 100-годдзя з дня нараджэння М.А.Шолахава «За гуманізм і ўклад у славянскую культуру».

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рускай пісьменніцкай арганізацыі Латвіі, Асацыяцыі дзіцячых пісьменнікаў Латвіі і Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў.

Карлюкеич2

Алесь Карлюкевіч — беларускі краязнаўца, літаратуразнаўца, журналіст. Скончыў аддзяленне журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Служыў ва Узброеных Сілах. Працаваў у газетах «Звязда», «Чырвоная змена» (галоўны рэдактар), «Советская Белоруссия». У 2006-2011 гадах — дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва». Адначасова ў 2009-2011 гадах — галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва».

8 лістапада 2011 года прызначаны галоўным рэдактарам газеты «Звязда». З лістапада 2012 года — адначасова выконваючы абавязкі, са снежня 2012 года — дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда». З кастрычніка 2011 года з’яўляецца старшынёй Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар шматлікіх кніг для дарослых і дзяцей. Па выніках мінулага года прызнаны лепшым дзіцячым празаікам.

суша

Алесь СУША  — беларускі культуролаг, кнігазнавец. Кандыдат культуралогіі.

Нарадзіўся ў Мінску. Атрымаў адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў (спецыяльнасць «культуралогія») і Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы БДУ (спецыяльнасць «культуралогія»). У 2009 г. абараніў дысертацыю на ступень кандыдата культуралогіі.

З 2005 г. працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Спачатку — у аддзеле рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў, у 2009-2012 гг. — вучоны сакратар.

З 2012 г. — намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці. Выкладае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і іншых ВНУ.

Займаецца навуковым даследаваннем гісторыі культуры Беларусі, найперш кніжнай культуры, а таксама гісторыі хрысціянства ў Беларусі, фарміравання і выкарыстання культурнай спадчыны ўніяцкай царквы. Прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы прынцыпаў алічбоўкі каштоўных дакументаў. Стваральнік рэестра помнікаў кніжнай культуры Беларусі, якія знаходзяцца за межамі нашай краіны.

Намеснік старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Член Камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны зварот нацыянальных культурных каштоўнасцей, якія апынуліся за межамі Беларусі. Член Савета Міністэрства культуры па правя­дзенні экспертызы навукова-даследчых, вопытна-кан­структарскіх і вопытна-тэхналагічных работ.

пригодич

Зіновій Прыгодзіч — член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў, аўтар амаль двух дзясяткаў мастацкіх і дакументальных кніг, лаўрэат прэмій «Залатое пяро», «Залаты Купідон» і прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Удастоены ганаровага звання «Выдатнік друку Беларусі», Заслужаны журналіст Беларусі. Працаваў у газетах «Звязда» і «Советская Белоруссия»; скончыў Акадэмію грамадскіх навук у Маскве; абараніў кандыдацкую дысертацыю па філасофіі, стаў дацэнтам; працаваў загадчыкам кафедры журналістыкі, моў і літаратуры ў Вышэйшай партыйнай школе, першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта Беларусі па друку. З 1992 года ўзначальвае часопіс «Гаспадыня».

M

Тамара Краснова — Гусачэнка Член Саюза пісьменнікаў Расіі з 2001 года. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2005 года. Аўтар 20 кніг паэзіі і прозы. Друкавалася ў літаратурных зборніках і альманахах. Старшыня Віцеб­скага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Член Праўлення і Прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі. Член Праўлення Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы.

Лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Сімяона Полацкага; Першага Усерасійскага фестывалю народных мастацтваў «С Россией в сердце» (Смаленск); V Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных мастацтваў «Нас з’яднала зямля Беларусь»; Рэспубліканскага конкурсу «Лепшая кніга года»; пераможца Міжнароднага конкурсу паэзіі «Я ни с кем никогда не расстанусь (Масква); лаўрэат Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу; Усерасійскай літаратурнай прэміі імя Ф.І.Цютчава; літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча; пераможца Міжнароднага конкурсу паэзіі «И помнит мир спасенный…»; лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі «Прохоровское поле»; літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі. Узнагароджана медалём имя Мусы Джаліля «За мужество в литературе»; медалём Францыска Скарыны і шэрагам іншых узнагарод.

А. Жыгуноў 008

Алесь Жыгуноў Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў загадчыкам аддзела раённай газеты «Веснік Глыбоччыны». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар 5 кніг. Публікаваўся ў калектыўных зборніках і альманахах.

Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя У.Караткевіча; прэміі камсамола Віцебшчыны; прэміі часопіса «Маладосць»; прэміі Р.Булацкага па выніках рэспубліканскага конкурсу Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро-2011»; абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі; рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Залаты Купідон».

Узнагароджаны медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літа­ратуру».

Савицкий

Імя Алеся Савіцкага палачанам знаёма ўжо шмат гадоў. Нарадзіўся ён у 1924 годзе ў Полацку. З 1942 года — партызан атрада «Смерць фашызму», з 1943 года — камандзір падрыўной групы атрада «Бальшавік» брыгады імя Варашылава. У 1944-1945 гадах — у Савецкай Арміі. Удзельнічаў у вызваленні Літвы, Польшчы, у баях за ўзяцце Берліна. Быў тройчы паранены.

Пасля дэмабілізацыі (1945  г.) працаваў у рэдакцыі полацкай газеты «Бальшавіцкі сцяг». У 1958 годзе скончыў Літаратурны інстытут у Маскве, у 1961 го­дзе — аспірантуру. Працаваў загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Ураджай», вучоным сакратаром Літаратурнага музея Якуба Коласа. Потым загадваў сектарам мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ.

Літаратурнай дзейнасцю займаецца з 1943 года. Ён — аўтар мастацкіх і дакументальных кніг, аповесцяў для дзяцей. Шэраг твораў перакладзены на рускую, украінскую, узбекскую, грузін­скую, славацкую мовы.

Алесь Ануфрыевіч — кавалер многіх высокіх узнагарод, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, Ганаровы грамадзянін г.Полацка.

Казакоў

Валерый Казакоў — Пасля школы працаваў на Магілёўскім ліфтабудаўнічым заводзе, служыў у Эстоніі і Германіі. Пасля войска скончыў Вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча, затым — Літаратурны інстытут імя М.Горкага. Быў ваенным карэспандэнтам газеты «Красная Звезда». Пасля звальнення ў запас працаваў у Расійскім Саюзе ветэранаў Афганістана, Савеце бяспекі Расійскай Федэрацыі, Адміністрацыі Прэзідэнта РФ. Палкоўнік запасу. Узнагароджаны трыма ордэнамі, дваццаццю медалямі і знакамі. Займаўся навуковай працай, вучыўся ў аспірантуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат сацыялагічных навук. Дзейсны дзяржаўны саветнік Расійскай Федэрацыі. Член Саюза журналістаў Расіі, сакратар Праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі. Жыве ў Маскве. Вершы, проза і публіцыстыка друкаваліся ў шматлікіх перыядычных і спецыялізаваных выданнях, калектыўных зборніках. Валерый Казакоў уганараваны Вялікай літаратурнай прэміяй Саюза пісьменнікаў Расіі. Апошнім часам часта піша мастацкія творы і публіцыстыку на роднай мове.

рублещская1

Людмілу Рублеўскую крытыкі і чытачы называюць прадаўжальнікам і паслядоўнікам творчасці Уладзіміра Караткевіча. Яна — аўтар захапляльных прыгодніцкіх раманаў, сюжэты якіх чэрпае ў гістарычных падзеях на тэрыторыі Беларусі. Людміла Рублеўская таксама піша вершы, з’яўляецца аўтарам шматлікіх літаратурна-краязнаўчых артыкулаў, надрукаваных у газеце
«СБ — Беларусь сегодня», дзе яна працуе літаратурным аглядальнікам, і іншых выданнях.

Шнип2

Віктар Шніп — не толькі цікавы паэт, аўтар многіх паэтычных зборнікаў, ён вядомы многім як аўтар нататак, дзённікавых запісаў. Шырокі розгалас атрымалі серыя яго гумарыстычных карацелек, вершы і песні. Піша пародыі і эпіграмы. Іншымі словамі, дыяпазон творчасці Віктара Анатольевіча надзвычай разнастайны.

Віктар Шніп працуе галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». Пры яго непасрэдным удзеле выходзяць у свет творы нашых класікаў, сучасных пісьменнікаў.
Віктар Анатольевіч — лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій, спецыяльнай прэміі «За духоўнае адраджэнне».

Бадак

Алесь Бадак — вядомы беларускі паэт. Нарадзіўся ў сям’і рабочага. У школе цікавіўся творчасцю Ясеніна, потым Андрэя Вазнясенскага, Якуба Коласа. У 1983 годзе пасля заканчэння школы паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працягнуў вучобу ва ўніверсітэце, які скончыў у 1990 годзе. У тым жа годзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Працаваў пазаштатным карэспандэнтам-арганізатарам Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі, рэдактарам аддзела, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка», рэдактарам аддзела часопіса «Полымя», загадчыкам аддзела прозы, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Мала­досць». У 2009-2014 гадах — галоўны рэдактар часопіса «Нёман». З 2014 года — галоўны рэдактар часопіса «Полымя», намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда».

З сакавіка 2015 года — дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Аўтар кніг паэзіі і прозы, папулярных твораў для дзяцей.

Мисс

Міра Лукша скончыла факультэт польскай і рускай філалогіі ў Філіяле Варшаўскага ўніверсітэта ў Беластоку. Жыве ў Беластоку. Журналістка, пісьменніца, перакладчыца, рэдактар. Дэбютавала ў штотыднёвіку беларусаў Польшчы «Ніва» ў 1973 г. Член Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа» і Саюза беларускіх пісьменнікаў. З 1985 г. з’яўляецца журналісткай «Нівы». Выдала 9 кніг: паэзіі — «Замова» (1993 г.), «Ёсць» (1994 г.), «Wiersze tutejsze» (2003 г.), «Жывінкі з глыбінкі» (2009 г.) і прозы: «Дзікі птах верабей» (1992 г.), «Выспа» (1994 г.), «Бабскія гіаторыі» (2001 г.), «Дзяўчынка і хмарка» (2006 г.), «Гісторыі з белага свету» (2008 г.).

Яе тэксты перакладаліся на англійскую, польскую, чэшскую і рускую мовы.

Сивец

Таццяна Сівец скончыла аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Мінскага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і паступіла ў аспірантуру Інстытута літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Але лёс распара­дзіўся так, што спачатку Таццяну запрасілі на міжнароднае радыё, якое ўзначальвае наш зямляк, Ганаровы грамадзянін Полацка Навум Гальпяровіч.
А праз некалькі гадоў маладая паэтэса і драматург стала галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», затым узначаліла штотыднёвік «Літаратура і мастацтва».

Таццяна Сівец — аўтар п’ес і тэлесцэнарыяў, паэтычных зборнікаў, лаўрэат літаратурнай прэміі «Залаты купідон».

1_Romanovska_Volodjko_nojabrj_2014_Belaruski_kirmash

Жанна Раманоўская нарадзілася ў 1969 годзе ў Полацку. Скончыла Ветрынскую сярэднюю школу, Даугаўпілскі педагагічны ўніверсітэт. Працавала школьным настаўнікам, зараз — у журналістыцы. Працавала ў СМІ Даўгаўпілса, рыхтавала матэрыялы для латвійскіх газет і радыё, тэлевізійныя сюжэты для Беларускага тэлебачання, рэдагавала газетную старонку на беларускай мове.

З 2009 года па сённяшні дзень — выдавец рэгіянальнага партала навін на рускай і латышскай мовах D-fakti.lv, з 2012 года — выдавец адзінага ў Прыбалтыцы дзіцячага часопіса на рускай мове «Приветик!». Кіраўнік літаратурных праектаў «Даўгаўпілс: легенды старога горада», «Даўгаўпілсу з любоўю», «Горад, дзе ўсе — свае» і іншых.

Акрэдытаваны латвійскі журналіст у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Шмат гадоў — у Даўгаўпілскім беларускім культурна-асветніцкім таварыстве «Ўздым», з’яўляецца членам праўлення. У 2013 годзе прызначана кіраўніком установы Даўгаўпілскай гарадской думы «Цэнтр беларускай культуры».

IMG_7920 фото А.Марцинкевича

Навум Гальпяровіч нарадзіўся ў Полацку і першыя крокі ў журналістыцы і паэзіі зрабіў у родным горадзе.

Пасля заканчэння школы працаваў на заводзе шкловалакна, адкуль быў запрошаны на працу карэктара ў аб’ядна­ную газету «Сцяг камунізму», дзе вырас да загадчыка аддзела культуры. Тут, у газеце, разам з Іванам Стадольнікам узначальваў літаб’яднанне «Наддзвінне», уступіў у Саюз журналістаў.

Вышэйшую адукацыю атрымліваў завочна ў БДУ на факультэце журналістыкі і ў Віцебскім педагагічным інстытуце.

Значнае месца ў жыцці пісьменніка і журналіста заняла работа на радыё. Ёй ён прысвяціў гады працы ў Наваполацкім вытворчым аб’яднанні «Палімір», калі быў уласным карэспандэн­там рэспубліканскага радыё. Слухачы Беларусі часта чулі яго рэпартажы з прадрыемстваў і арганізацый Полацка, Наваполацка, многіх раёнаў Віцебшчыны.

З 1997 года Н.Я.Гальпяровіч працуе ў сталіцы Беларусі. Быў намеснікам рэдактара часопіса «Вожык«, штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва«, намеснікам старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў. З 2004 года ўзначальвае міжнароднае радыё «Беларусь» Белтэлерадыёкампаніі.

Аўтар больш за дзясятак кніг паэзіі і прозы, дакументальных кніг, у тым ліку пра родны Полацк, сцэнарыяў радыё- і тэлеперадач. Вядучы праграм «Дыяблог» на Беларускім тэлебачанні.
Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, член праўлення Беларускага фонда культуры, лаўрэат літаратурных прэмій, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, іншымі ўзнагародамі.

Ганаровы грамадзянін Полацка і Наваполацка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *