Пра падрыхтоўку да пасяўной, веснавы настрой расказала галоўны аграном філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Тамара Макарава.

Заботы сельские

Зараз снег за акном, але непрыкметна большае дзень, і надыходзіць вясна. Якой яна будзе? Гэта цікавіць многіх, а вось хвалюе тых, хто працуе на зямлі і клапоціцца пра будучы ўраджай. Пра падрыхтоўку да пасяўной, веснавы настрой расказала галоўны аграном філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Тамара Макарава.

— Сёлетняя пасяўная будзе 38-я ў маім жыцці, — распавядае Тамара Мікалаеўна, удзельніца ўрачыстай цырымоніі ўручэння Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксанд­рам Лукашэнкам дзяржаўных узнагарод, Падзяк і падарачных сертыфікатаў лепшым гаспадаркам і працаўнікам аграрнай галіны краіны. Пасля вяртання з Мінска вопытны аграном, якая аддала любімай прафесіі ўсё свядомае жыццё, прабывае ў добрым, пазітыўным настроі.
— Канешне, я рада, што наведала мера­прыемства такога высокага ўзроўню. Усіх нас, перадавікоў сельскай гаспадаркі, папрасілі быць на свяце з дзяржаўнымі ўзнагародамі. У многіх запрошаных, як і ў мяне, былі медалі «За працоўныя заслугі». Я ганарылася сваімі калегамі, якія прыехалі з усіх рэгіёнаў краіны. 50 аграрыяў-перадавікоў прадстаўлялі на ўрачыстасці маю родную Віцебшчыну, 4 — Полацкі раён і я — філіял «Гараны-Агра». Мяне вельмі ўразіла выступленне Прэзідэнта краіны, я была ў захапленні ад канцэрта  ў Вялікім тэатры оперы і балета.
Тамара Мікалаеўна задаволена, што цяпер сустрэчы Прэзідэнта краіны з аграрыямі будуць адбывацца ў лютым штогод. «Аляксандр Рыгоравіч адзначыў, што Віцебская вобласць павінна працаваць яшчэ лепш. На жаль, планы часам не дазваляюць здзейсніць умовы надвор’я», — з засмучэннем адзна­чыла гераіня нашай замалёўкі. Слухаючы Прэзідэнта, яна згаджалася, што зямлі трэба аддаць столькі часу і сілы, якія не змерыш ні святлом дня, ні стомленасцю.
Вопытны аграном разумее, што зямля правярае кожнага, на што ён здатны. Для Тамары Макаравай гэтыя словы — ісціна жыцця. Удзел у мерапрыемстве ў Мінску падштурхнуў яе працаваць яшчэ лепш. Іх філіял дзякуючы намаганням дырэктара Аляксанд­ра Калтунова забяспечаны насеннем на 100%, закуплены рапс і кукуруза. Ёсць восеньскі зачын — 898 га азімых. Вясной трэба пасеяць яравыя культуры на плошчы 1347 га. На думку Тамары Макаравай, з тым моцным «кулаком» механізатараў, які зараз працуе ў філіяле, усе планы — па плячы.
…Кожны год вясной, пакуль не зазелянее рунь, і не ўзыйдуць яравыя, душа Тамары Макаравай замірае ў чаканні. Хоць якасць насення добрая, у майстэрстве механізатараў яна ўпэўнена, глебу гаспадаркі ведае, як пальцы сваёй рукі, усё роўна заўсёды ёсць хваляванне. А вось калі каласіцца хлебная ніва — тады душа гэтай працавітай жанчыны адпачывае…