Пра што пісала полацкая газета ў мінулыя гады ў красавіку

Общество

Колькі разнастайных тэм абмяркоўвалася на старонках нашай газеты, колькі артыкулаў на розныя тэмы было надрукавана! Праходзілі гады, мяняліся ўмовы жыцця, але побач заўсёды была газета, у якой адлюстроўваліся
надзённыя пытанні.

Некалькі гадоў таму мы звярталіся да архіва рэдакцыі, расказвалі, пра што пісалі ў полацкай газеце ў розныя гады. Праект выклікаў шчырую зацікаўленасць. У перадюбілейны для «ПВ» год мы вырашылі яго працягнуць.

1956 год
Перапіска з кітайскімі школьнікамі

«У канцы 1955 года камсамольцы 10 класа 46-й сярэдняй школы Полацка рашылі завязаць перапіску з аднакласнікамі школы № 8 г.Пекіна. У пісьме яны напісалі, як вучацца, як праводзяць час, якую грамадскую работу выконваюць».

Навучэнцы атрымалі ад кітайскіх сяброў адказ. Ліст пісаў камсамолец-выдатнік Сіе Мынь-чуан. Адначасова былі дасланыя паштоўкі з малюнкамі вядомых кітайскіх мастакоў. Навучэнцы 46-й школы планавалі адправіць новы ліст, да якога дадаць серыю фотакартак аб палітычным навучанні ў школе.

1964 год
Акцябрыны

«Свята ў гонар новага чалавека, які нарадзіўся ў нашай краіне і якому суджана жыць і працаваць пры камунізме».

У артыкуле расказваецца пра акцябрыны Мікалая, які нарадзіўся ў Леаніда і Мар’яны. Цікавы рытуал. Ва ўрачыстай абстаноўцы праходзіць рэгістрацыя нованароджанага, на якой прысутнічаюць бацькі, прадстаўнікі гарадской ўлады, ганаровыя бацькі, а таксама сваякі, калегі і сябры. Маці і бацька ставяць подпісы аб зробленным запісу ў акце аб народжаных, а разам з імі распісваюцца і ганаровыя бацькі. Такім чынам яны бяруць на сябе адказнасць за выхаванне новага грамадзяніна.

1983 год
Мёртвая душа

«Не перавяліся, выходзіць, яшчэ мёртвыя душы з гогалеўскіх часоў. Бываюць яны і ў нашы дні.
І некаторыя людзі нажываюцца на гэтым».

У матэрыяле расказваецца, як работніца гарана прыйшла пацікавіцца дачкой жыхароў Полацка Якава і Галіны. Але дзяўчынку не знайшла. Як аказалася, дачкі ў іх ніколі не было, а існавала толькі падробленае пасведчанне аб нараджэнні ад 17  мая 1970 года. Ад неіснуючай дачкі бацькі мелі вялікую выгаду. Атрымалі трохпакаёвую кватэру, а бацька яшчэ і не заплаціў дзяржаве падатак амаль 300 рублёў, прыкрыўшыся наяўнасцю ў яго дзіця.

1988 год
«Ад пераважнай большасці жыхароў…»

«Так пачынаецца ліст у рэдакцыю, падпісаны мноствам прозвішчаў жыхароў мікрараёна, прылягаючага да вуліцы Матросава. «Праз газету «Сцяг камунізму» выказваем вялікую ўдзячнасць гаркому партыі і гарвыканкаму за правільна прынятае рашэнне аб спыненні гандлю віном і гарэлкай у магазіне  № 39 па вуліцы Матросава».

Каля крамы заўсёды стаяла чарга з жадаючых «заправіцца» моцнымі напіткамі. Пасля забароны на продаж алкагольных вырабаў у магазіне і каля яго стаў парадак. Больш няма ніякіх сварак, боек і нецэнзуршчыны.

1993 год
Першы пралёт на месцы

«Даўно мы не былі на ўзводзімым мосце, а за гэты час на аб’екце адбыліся значныя змены. Калектыў мостаатрада сабраў і насунуў на апоры першую нітку металічнага пралётнага збудавання даўжынёю 210 метраў».

У артыкуле расказваецца пра будаўніцтва маста праз Дзвіну ў мікрараёне Аэрапорт. Будаўнікі з Полацка, Наваполацка і Віцебска працавалі вахтавым метадам. Брыгаду з 15 чалавек праз паўмесяца змяняла іншая. Будаўніцтва ажыццяўлялася па 12 гадзін у дзень без выхадных. Здаць мост планавалася ў лютым
1994 года.

2006 год
Добрым людям на здоровье

«Развитие Полоцка как культурного и туристического центра предполагает наличие большого количества разнообразных объектов общественного питания. Сегодня мы открываем очередной из них», — такими словами начал свое выступление первый заместитель председателя Полоцкого
горисполкома Сергей Куксов. Поводом для торжества стало открытие кафе «Дамиан», расположенного в тихом уголке нашего города — по улице Ленина».

Вуліца Леніна ў 2008 годзе перайменавана ў вуліцу Ніжне-Пакроўскую, а кафэ, пачаўшы сваю працу 20 гадоў таму, і сёння прапануе палачанам і гасцям горада стравы беларускай кухні.

*Цытаты прыводзяцца з захаваннем асаблівасцей арыгінальных тэкстаў.