Праект «Тутэйшыя» стартаваў у аграгарадку Мацюшы Полацкага раёна

Актуальное Общество

Праект «Тутэйшыя» стартаваў у аграгарадку Мацюшы Азінскага сельсавета. Па ініцыятыве старшыні Азінскага сельвыканкама Мікалая Мягчылы і працаўнікоў Мацюшэўскага сельскага Дома культуры Наталлі і Уладзіміра Уладзіміравых адбылося мерапрыемства, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі розных пакаленняў мацюшэўцаў.

Мерапрыемства пачалося з ускладання кветак да помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў цэнтры населенага пункта. Пасля хвіліны маўчання і фатаграфавання на памяць быў дадзены старт велапрабегу «Тутэйшыя», у якім бралі ўдзел юныя жыхары аграгарадка. У мацюшэўцаў веласіпед у летні перыяд — самы распаўсюджаны транспарт, «жалезныя коні» ёсць у кожнай сям’і, і не па аднаму. Таму жадаючых праехаць па вуліцы Школьнай, паказаць свой спрыт знайшлося нямала. Права даць старт велапрабегу прадаставілі мясцоваму жыхару Генадзю Арлову — воіну-інтэрнацыяналісту, былому ваеннаму, які пасля выхаду на пенсію вярнуўся жыць на сваю малую радзіму.

Удзельнікаў велапрабегу і ўсіх, хто прыйшоў на мерапрыемства, чакаў сюрпрыз. Адзін з былых жыхароў Мацюшоў (у гэтых мясцінах прайшло яго дзяцін­ства) Валерый Пятровіч Канашонак, сённяшні дырэктар прадпрыемства «Полацкія напіткі і канцэнтраты», падарыў сваім землякам велапаркоўку. Кожны, хто прыедзе на веласіпедзе ў магазін ці Дом культуры, зможа ёю скарыстацца! Таксама Валерый Пятровіч выступіў у ролі спонсара велапрабегу — пераможцам перадаў бутэлькі смачнага квасу «Полацкі». Усе дружна апладзі­равалі самым хуткім веласіпедыстам аграгарадка — Вікторыі Жаброўскай, Дзмітрыю Лукашку, Дар’і Бяршацкай, Іллі Косачу, Анжаліне Рубін, Дзянісу Дзіваноўскаму, Ягору Жаброўскаму, Вадзіму Косачу, Людміле Бяршацкай. Памятныя прызы ўручаў старшыня Азінскага сельвыканкама Мікалай Мягчыла.

Пасля забаўляльнай кон­курснай праграмы і невялічкага канцэрта ўсе ўдзельнікі праекта «Тутэйшыя» накіраваліся ў мясцовую школу, дзе наведалі музеі. А потым адбылося ўшанаванне цяперашніх жыхароў аграгарадка, якія праслаўляюць сваю малую радзіму талентам і добрымі справамі. Памятныя прызы як напамін пра цёплую сустрэчу з землякамі ў межах праекта «Тутэйшыя» ад старшыні сельвыканкама атрымалі сям’я Брыль — Дзмітрый Мікалаевіч і Ніна Уладзіміраўна. Супругі — творчыя, адораныя асобы. Ён — разьбар па дрэве, яна вырабляе найпрыгажэйшыя карункавыя вырабы!

За творчасць прыз атрымала Таццяна Рубін, калекцыянер, якая ў простых рэчах бачыць прыгажосць! Ушанавалі ўвагай шматдзетную маці Вольгу Жаброву. Усе яе дзеці — гонар школы, добра вучацца і выхаваныя! За актыўную грамадскую пазіцыю атрымалі падарунак сям’я Арловых — Генадзь і Алена. Гэтыя людзі — прыклад для суседзяў. Дбайныя гаспадары жывуць разам 39 год, выхавалі дваіх дзяцей, цяпер радуюцца поспехам траіх унукаў і ўнучкі!
Усе ўдзельнікі праекта выказвалі думкі наконт таго, што вельмі ганарацца сваімі роднымі мясцінамі. І дзякавалі арганізатарам праекта «Тутэйшыя» за цікавае мерапрыемства, якое падарыла шмат станоўчых эмоцый.

Ідэя «Тутэйшых» — узгадаць славутых землякоў, выказаць ім словы падзякі за подзвіг, здзейснены ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама — прадаставіць магчымасць таленавітым жыхарам аграгарадка падзяліцца радасцю творчасці, а маладому, нават юнаму пакаленню, — актыўна праявіць сябе ў добрых справах у Год малой радзімы.