Самыя лепшыя ўражанні атрымалі палачане ад фестывальнага Віцебска

Культура Славянский базар в Витебске

Для палачан-удзельнікаў мерапрыемстваў ХХХІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» мінулы тыдзень быў насычаны эмоцыямі. Словы падзякі за набыты вопыт, новыя знаёмствы гучалі ў адрас арганізатараў маштабнага фэсту і шматлікіх гасцей свята.

Як расказалі юныя артысты, лета 2022 года для заслужанага аматарскага калектыву Рэспуб­лікі Беларусь узорнага тэатра танца «Прэм’ер-Спонайд» праходзіць у конкурсах і фестывалях. Вось і зараз яны вярнуліся з грандыёзнага свята танца ў Віцебску — ІV конкурсу DDF-фіналу міжнароднага танцавальнага праекта ў межах «Славянскага базару ў Віцебску». За гэтыя 3 дні палачанам пашчасціла пабываць на майстар-класах у знакамітых харэографаў з Узбекістана, Арменіі, Расіі і Беларусі. А колькі яны ўбачылі цікавых замежных калектываў! Пазнаёміліся з іх кіраўнікамі і ўдзельнікамі. Па словах танцораў, гэта на сам рэч быў міжнародны фестываль. Яны атрымалі асалоду ад пазітыўнай энергетыкі поўнасцю запоўненай гледачамі залы. У выніку прадстаўнікам Полаччыны ўручаны дыплом і запрашэнні на конкурсы ў Арменію і Казахстан. Дзякуй, фес­тываль!

Кіраўнік народнага клуба «Майстар» Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Іна Карандзей на свяце-конкурсе народнага касцюма «Сцяжкі майстэрства» ў межах XXXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» прадстаўляла адноўлены касцюм полацкага рэгіёна.

За старанне і творчасць наша зямлячка Іна Карандзей атрымала заслужаную ўзнагароду — дыплом за III месца ў намінацыі «Лепшая калекцыя этнаграфічных артэфактаў традыцыйнага народнага адзення рэгіёна». Дзякуй і мадэлі Іне Карабан (на фота), якая паспяхова справілася са сваёй задачай — дэманстрацыяй касцюма. Папулярнасцю сярод гасцей фестывальнага Віцебска карысталіся сувеніры ручной работы, з любоўю зробленыя полацкімі майстрамі — удзельнікамі праекта «Горад майстроў». 

Народны тэатр гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз» (кіраўнік Яўгенія Кавалёва) Полацкага ГПК прыняў удзел у VІІІ фэсце вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», які сабраў не толькі самых таленавітых артыс­таў з Прыддзвіння, але і замежных. Выступленне палачан са спектаклем «Цягнік» не пакінула абыякавым ніводнага гледача.