Сельгаспрадпрыемствы Полаччыны працягваюць сяўбу яравых культур. Надаюць увагу і азімым, якія сваёй зелянінай радуюць вока.
Рунь — любімы малюнак, якім бясконца можа любавацца галоўны аграном ДП «Астроўшчына» Наталля Глебка. Спецыяліст любіць у гадавым коле сельгасработ менавіта веснавую пару, калі сяўба яравых ідзе, і ўзыходзяць, набіраюць моц азімыя культуры.

Наталля Фёдараўна — чалавек вясковы. Нарадзілася ў Сенненскім раёне, прывыкла з дзяцінства дапамагаць маці весці хатнюю гаспадарку, даглядаць за жывёлай.
У 2006 годзе іх сям’я пераехала ў Астроўшчыну. Дзяўчынка на летніх канікулах прыходзіла да маці на працу ў мясцовае сельгаспрадпрыемства, нават навучылася падлічваць колькасць назапашанага сенажу. А калі прыйшла пара ёй выбіраць прафесію — пайшла вучыцца на агранома ў Лужаснянскі сельгастэхнікум (цяпер — аграрны каледж УА «Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны»). Атрымаўшы прафесію, прыйшла на адпрацоўку ў ДП «Астроўшчына». У гэтай мясцовасці сустрэла сваё каханне, выйшла замуж, нарадзіла дачку. Была ў адпачынку па доглядзе за дзіцяці і вучылася, атрымала вышэйшую адукацыю.

— Аграном — праца стваральная, — упэўнена сцвярджае Наталля Фёдараўна. — Пасля сяўбы назіраеш, як зярняткі прарастаюць, мацнеюць, фарміруецца колас, наліваецца. А мы, аграномы, дапамагаем раслінам у іх развіцці дзеля лепшага ўраджаю. З кожным годам эксперыментуем, падбіраем насенне, сродкі аховы раслін. Справа захапляе.
Сёлетняя вясна выдалася для ДП «Астроўшчына» нялёгкай. Не хапае сваёй тэхнікі, людзей, таму звярнуліся па дапамогу ў гаспадаркі «Добрынскае» і «Палімір-агра». За сяўбой аўсу (элітнае насенне сёлета набылі ў ААТ «Кушлікі») ва ўрочышчы Мехмайстэрня мы напаткалі трактарыста-машыніста Леаніда Чарткова з мясцовым вадзіцелем Аляксандрам Леньшыным. Мужчыны працавалі дружна, імкнуліся скарыстаць добрае надвор’е на карысць гаспадаркі.

Трактарыста-машыніста Васіля Мінакова мы спынілі на дарозе, калі ён на трактары з апырсквальнікам пераязджаў на чарговае поле. Мужчына быў у добрым настроі. Яму па душы праполка азімых, яравых, рапсу. Ён працуе з тэхнікай ужо 12 гадоў, раней быў жывёлаводам, а яго агульны стаж у сельскай гаспадарцы — больш за 30 гадоў. У нашай гутарцы падзяліўся думкамі, што красавіцкае спякотнае надвор’е — анамальнае, яно не найлепшым чынам уплывае на развіццё раслін. Ды і ў працы на апрацоўцы ў спёку ёсць свае нюансы.
Наталля Глебка заклапочана тым, каб правесці сяўбу ў вызначаныя агратэхнічныя тэрміны — да 1 мая. Плошча яравых — 557 га. З іх у чыстым выглядзе гароху — 50 га, у сумесі ўжо пасеялі 93 га. Пад кукурузу адведзена плошча 331 га, 150 га — пад аднагадовыя травы. Ужо засеялі зерневымі 299 га, ідзе падрыхтоўка глебы пад сяўбу. Апрацоўваецца азімы рапс, ён займае 350 га. Уносяцца ўгнаенні перад сяўбой, вядзецца хімапрацоўка.
— Радуюць вока палі з люцэрнай, — распавяла Наталля Глебка. — Гэтую культуру мы пасадзілі ўпершыню. — Прыгожыя палі і з рапсам.
Радасна трымціць сэрца жанчыны, калі яна глядзіць на зладжана працуючую ў полі тэхніку. У гэтыя хвіліны Наталля Фёдараўна дазваляе сабе зазірнуць з надзеяй у будучыню, калі на палях закаласіцца хлеб… Ці калі яна зноў будзе атрымліваць асалоду ад водару свежаскошанай травы. Пазітыўныя думкі і эмоцыі сілкуюць вясковую жанчыну, якая, нягледзячы на цяжкасці, любіць працу на зямлі.