Сельгаспрадпрыемствы Полаччыны працягваюць зялёнае жніво. З-за халоднага мая затрымаўся рост траў, у чэрвені выпала шмат ападкаў. Такія капрызы надвор’я аказалі ўплыў на тэрміны ўборкі траў і колькасць назапашаных кармоў.
-Пакуль план уборкі траў першага ўкосу выкананы на 72%, — паведаміў начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама Мікалай Баратынскі. — Але мы ўпэўнена рухаемся наперад, імкнемся прызвычаіцца да надвор’я, пры закладцы кармоў у траншэі выкарыстоўваем кансервант, удасканальваем працу на зямлі. Перад аграрыямі ставім задачу забяспечыць надзейную кармавую базу для жывёлагадоўлі. У лідарах па нарыхтоўцы кармоў на ўмоўную галаву жывёлы ААТ «Кушлікі», э/б «Ветрынская», філіял «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга». Вялікі дзякуй мехатраду з сельгаспрадпрыемства «Добрынскае» ААТ «Полацкі малочны камбінат» за адчувальную дапамогу ДП «Астроўшчына». На палях некалькіх гаспадарак поруч з аграрыямі шчыруюць працаўнікі прамысловых прадпрыемстваў з горада Полацка. Мы ўдзячныя ім за дапамогу.

За якасць
Да якаснай закладкі кармоў імкнуцца ў ААТ «Полацкі аграсервіс». Галоўнага агранома гаспадаркі Анатоля Гіля, механізатараў Сяргея Шалуху і Дзяніса Багатырова мы напаткалі за працай у полі непадалёку ад вёскі Белаводка.
Зараз з-за высокай вільготнасці палёў усе гаспадаркі нарыхтоўваюць толькі сянаж, але надзею, што надвор’е зменіцца, і з траў другога ўкосу можна будзе назапашваць і сена, аграрыі не страцілі. Для нарыхтоўкі кармоў ёсць усё: працоўныя рукі, тэхніка, паліва, патрэбнае толькі надвор’е. Намаганнямі працаўнікоў гаспадаркі травы першага ўкосу ўбраны з плошчы 517 га, гэта толькі 40% ад задання. З паляпшэннем надвор’я тэмпы працы і колькасць назапашаных кармоў павялічацца. Дарэчы, на траншэях гаспадаркі падтрымліваецца належны парадак, трамбоўка сенажу ідзе няспынна, кармы назапашваюцца якасныя, кансервант прыносіць сваю карысць.

Сяргей Шалуха працаваў на кормаўборачным камбайне, яго напарнік — на трактары. На думку вопытнага земляроба Сяргея Шалухі, сёлета травастой добры, па фазе травы падыйшлі да кашэння, праблема толькі ў тым, што цяжкія МАЗы, на якіх звычайна перавозіўся сянаж да траншэі, пасля дажджу на поле заехаць не могуць.
Галоўны аграном гаспадаркі Анатоль Гіль паведаміў, што за сваю 38-гадовую працоўную біяграфію на пасадзе агранома не памятае году, калі б у канцы мая, як сёлета, пачаліся дажджы і працягваліся ўвесь месяц. Безумоўна, вільготнасць аказвае ўплыў і на якасць траў, і на тэмпы іх уборкі, і на тое, якім застаецца поле пасля таго, як па ім праедзе цяжкая тэхніка. Застаюцца глыбокія каляі, якія давядзецца разраўніваць.