Сельгаспрадпрыемствы Полацкага раёна прыступілі да нарыхтоўкі кармоў з траў першага ўкосу

Заботы сельские

На бягучым тыдні пачалося зялёнае жніво. Сельгаспрадпрыемствы Полацкага
раёна — «Кушлікі», «Новыя Гараны», «Полацк-Мілк», «Палімір-агра», «Вясна-энерга» і «Полацкі аграсервіс» — прыступілі да нарыхтоўкі кармоў з траў першага ўкосу. Ад даведзенага раённага плану — убраць плошчу 11 100 га — пакуль выканалі 20%.

Скошаная трава часткова накіроўваецца на корм жывёле, 4 гаспадаркі заклалі першыя тоны сенажу с кансервантам у траншэі, а ў «Паліміры-агра» пачалася закладка сіласу з кансервантам. На палях гаспадаркі «Новыя Гараны» з’явіліся першыя рулоны сенажу ва ўпакоўцы.

Нягледзячы на халоднае надвор’е ў маі, травы выраслі, падышлі да фазы ўборкі, за справу ўзяліся гаспадары зямлі. Нарыхтоўка кармоў уключае розныя тэхналагічныя этапы: кашэнне, варушэнне, валкаванне, падбор, здрабненне, пагрузку, транспарціроўку. З дапамогай тэхнікі аграрыі імкнуцца нарыхтаваць і захаваць якасны спажыўны корм, каб зімоўка жывёлы была сытнай.

Аднымі з першых у Полацкім раёне пачалі зялёнае жніво земляробы сельгаспрадпрыемства «Полацк-Мілк». Дырэктар гаспадаркі Вадзім Лях распавёў, што ў полі працуе буйны механізаваны атрад, у якім задзейнічаны 3 кормаўборачных камбайны, дзве касілкі, каля 9 машын і трактараў на адвозцы, дзве адзінкі тэхнікі заняты на трамбоўцы. «Людзі працуюць з ранку да вечара, настрой ва ўсіх — трымаць высокі тэмп, пакуль дазваляе надвор’е».

За працай у полі мы напаткалі механізатара гэтай гаспадаркі Юрыя Зуева (на фота). Мужчына быў у добрым настроі. Ён уладкаваўся ў «Полацк-Мілк» пасля звальнення з сельгаспрадпрыемства «Добрынскае» ААТ «Полацкі малочны камбінат», дзе працаваў амаль 7 гадоў. Родам ён з Расонскага раёна, вучыўся ў Боркавіцкім ліцэі, потым скончыў сельскагаспадарчы каледж, атрымаў кваліфікацыю юрыста. Юрый з жонкай жывуць у Наваполацку, выхоўваюць дваіх дзяцей. «Працую там, дзе душы хораша, а веды лішнімі не бываюць, — шчыра прызнаўся працаўнік. — Я вясковы, на зямлі нарадзіўся, тут і працую».