Штодзень на палях гаспадарак Полацкага раёна працуе тэхніка

Заботы сельские

На бягучым тыдні нам пашанцавала ўбачыць адно з лепшых жытніх палёў у ААТ «Кушлікі» і, напэўна, у Полацкім раёне.

Фото Надзеі Калужонак

-Насенне было — супер­эліта, тут ураджайнасць 65 цэнтнераў з гектара, паглядзіце, якое прыгожае поле! — не хаваў радасці дырэктар гаспадаркі Фёдар Завацкі.


Вопытны аграном і дальнабачны кіраўнік паведаміў, што гэты год па кліматычных умовах вельмі складаны, таму і ўборка ўраджаю іншая. Давялося зерневыя, якія падгарэлі на сонцы, пусціць на корм жывёле. А план уборкі кушлікоўцы пакуль выканалі толькі напалову. На палях штодзень працуюць 5 камбайнаў, у сераду 4 з іх убіралі жыта, а старэнькая «Мега» — гарох.


Новым камбайнам вытворчасці ААТ «Гомсельмаш» умела кіраваў Юрый Панчанка. Адзін, без памочніка. Фёдар Завацкі адзначыў, што даверыў новую тэхніку працаўніку, які ўжо некалькі год запар удзельнічаў ва ўборцы хлеба, быў памочнікам камбайнера, потым — у складзе маладзёжнага экіпажа. Юрый выказаў задаволенасць працай камбайна, адзначыў, што вадзіцелі, якія адвозяць зерне, дапамагаюць.


Новы камбайн вылучаецца прадукцыйнасцю, універсальнасцю, малоціць асцярожна, можа ўбіраць засмечанае, высокасаломістае збожжа.

На камбайне Claas Меgа ўбіраў гарох вопытны хлебароб Аляксандр Каросцік. Яго жалезнаму каню сёлета споўніўся 21 год. «Галоўнае, які чалавек тэхніку даглядае, рамантуе. Аляксандр Каросцік — прафесіянал!» — нахвальваў камбайнера дырэктар гаспадаркі. Аляксандр Каросцік у былыя гады быў тысячнікам на жніве, ён вельмі адказна ставіцца да працы на зямлі, упэўнены, што займаецца мужчынскай і вельмі значнай справай.