Сімяон Полацкі — адзін з плеяды славутых палачан, які пакінуў бясцэнную спадчыну ў гісторыі і культуры ўсходніх славян

Главное

Гісторыю краіны пішуць асобы. Сваімі справамі і ўчынкамі яны пакідаюць след на зямлі, які яскрава бачны і праз стагоддзі. Многія аспекты культурна-гістарычнага ўзаемадзеяння маюць глыбокія карані, і звязаны яны з дзейнасцю вядомых людзей, якія жылі ў розныя эпохі. Старажытны Полацк — радзіма выдатных усходнеславянскіх і еўрапейскіх дзеячаў навукі і асветы, якія аказалі моцны ўплыў на сусветную культуру.

Сімяон Полацкі — адзін з плеяды славутых палачан, які пакінуў бясцэнную спадчыну ў гісторыі і культуры ўсходніх славян, аказаўшы значны ўплыў на іх развіццё. Ён валодаў мноствам талентаў, вялізным працалюбствам, меў бліскучую еўрапейскую адукацыю. Пісьменнік, перакладчык, кнігавыдавец, астролаг, прапаведнік, асабісты духоўнік рускага цара, таленавіты педагог. З ягоным імем звязаны многія знакавыя здабыткі, у тым ліку — першыя праекты вышэйшай адукацыі ў Расіі.
Але напярэдадні Дня беларускага пісьменства мы звернемся да яго найперш як да чалавека, які паклаў пачатак справе кнігадрукавання ў Расіі, адкрыўшы для яе грамадзян перспектывы далучэння да бясцэнных кніжных скарбаў і масавай свецкай адукацыі.


«Ён бачыў у кнігадрукаванні адзін з найважнейшых сродкаў развіцця асветы, у тым ліку ў Расіі. Таму невыпадкова ў 1676 годзе, калі памёр цар Аляксей Міхайлавіч, і на расійскі трон узышоў царэвіч Фёдар, вучань Сімяона, асветнік падарыў яму рукапісную кнігу «Гуслі дабрагалосны», у якой быў змешчаны верш, адрасаваны маладому цару «Жаданне творцы», дзе выкладалася просьба на дазвол адкрыць друкарню. «Жадаем сім «Гуслям» надрукаванымі быці», — пачала аповед вядучы навуковы супрацоўнік Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага Вольга Шульчанка.


Дазвол быў атрыманы, і з 1679 года ў Маскве пачала дзейнічаць друкарня, на якую не распаўсюджвалася патрыяршая цэнзура. Трэба адзначыць, на гэты час у расійскай сталіцы ўжо працавала адзіная друкарня, якая была перавезена з Беларусі, з Куцеін­скага манастыра, размешчанага пад Оршай, дарэчы, разам са спецыялістамі-друкарамі.

Але ў ёй выдаваліся кнігі выключна духоўнага зместу, адрасаваныя вельмі абмежаванаму колу чытачоў, па большасці, святарству. Новая ж друкарня адкрылася пры царскім двары, у Крамлі, як тады гаварылі «наверсе», таму і называць яе сталі «Верхняй». А першай кнігай, выдадзенай у ёй у 1679 годзе, стаў «Буквар». Гэтая кніга Сімяона Полацкага ўяўляла сабою агульнае кіраўніцтва хрысціян­скай веры і маралі для дзяцей у рамках кароткага першапачатковага навучальнага курса.
У 1680 годзе ў «Верхняй» друкарні быў выдадзены «Тэстамент» — пісьмы «Василия, царя греческого», перакладзеныя Сімяонам з грэчаскай мовы. Да гэтай кнігі ён таксама напісаў вершаваную прадмову «Увещания к читателю». Асветнік пераконваў бацькоў настаўляць дзяцей асабістым прыкладам у правілах маральнага жыцця і даваць ім кнігу для чытання.
Сімяон Полацкі, як чалавек адукаваны, не мог не ведаць пра дасягненні і здабыткі свайго земляка Францыска Скарыны, у тым ліку ў галіне кнігадрукавання. Магчыма, ён быў знаёмы з кнігамі першадрукара. І сваім імкненнем да асветніцтва, да распаўсю­джвання друкаванага слова прадоўжыў яго справу.
На вялікі жаль, нашаму славутаму земляку давялося працаваць у сваёй маскоўскай друкарні зусім няшмат, але зроблены дзякуючы яму, без перабольшвання, сапраўдны тэхналагічны прарыў паўплываў на істотны рух у накірунку масавага асветніцтва і пісьменства на расійскіх землях.
Па завяшчанні Сімяона Полацкага, яго вялікая бібліятэка павінна была быць па­дзелена паміж чатырма манастырамі: маскоўскім Заіконаспаскім, кіеўскімі (Пячорскім і Брацкім) і полацкім Богаяўленскім. Але кнігі так і засталіся ў Маскве.
…Час усё расстаўляе па сваіх месцах. У 1980 годзе імя Сімяона Полацкага па рашэнні ЮНЕСКА ўнесена ў каляндар міжнародных дат знакамітых дзеячоў славянскай культуры. І гэта цалкам абгрунтавана: самі факты яго жыцця і дзейнасці сведчаць пра знач­насць гэтай асобы як для беларускай, рускай, так і для сусветнай культуры, духоўнасці і асветы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *