Свята «Звіні, хваля азёрная!-2018» адбылося ў Полацкім раёне на возеры Белае

Общество

Традыцыйнае свята летняга адпачынку ля вады і добрых уражанняў «Звіні, хваля азёрная!-2018» адбылося ў мінулую суботу на возеры Белае ля вёскі Азіна. І ўсе, хто вырашыў правесці той дзень у вясёлай кампаніі, цікавых спаборніцтвах і творчай атмасферы сяброўства, не былі расчараваныя!

Калі казаць пра азінскіх «юшкавараў», то тут усе чатыры каманды нават пераўзышлі сябе. Знакамітая двайная і нават трайная юшка, ды яшчэ з акунаннем у яе асінавага паленца для водару — ішла ў народных дэгустатараў на «ўра»! Ласаваліся прыгатаванымі стравамі ўсе актыўна і з вялікім задавальненнем. Дарэчы, менавіта публіка ў якасці незалежных экспертаў галасаваннем і вызначыла пераможцаў гэтага конкурсу.
У выніку ў намінацыі «Самая апетытная юшка» лідзіравала каманда «Усмешка» клуба «Гармонія», «Самая наварыстая юшка» — была ў каманды Пятровых «Клёвачкі», «Самая «вытанчаная» юшка» — у каманды Гарэлікавых-Мягчыла «Агеньчыкі», а званне «Народная юшка» прысудзілі камандзе Філімонавых «Суперклас».

Спевы, скокі і забавы
Цудоўнае тэатралізаванае прадстаўленне, музычныя падарункі, спаборніцтвы для дарослых і маленькіх гасцей свята — гонкі на катамаранах, сямейны анлайн-конкурс па гатаванні юшкі, спрынт па лоўлі ракаў, катанне на конях, валейбол, скокі на водным батуце і іншыя забавы, што ладзіліся на беразе прыгожага возера, не давалі нікому засумаваць. Тут жа працавала летняе кафэ, можна было набыць поп-корн і салодкую вату або зрабіць пакупку на арт-лужайцы, дзе прапаноўвалі сувеніры і быў арганізаваны продаж пакаёвых і садовых раслін.
З адкрыццём свята ўсіх прысутных павіншаваў старшыня Азінскага сельвыканкама Мікалай Мягчыла. А потым валадарылі на беразе азёрная царыца Сялява і яе мудры дарадчык Рак. У іх ролі выступілі мастацкі кіраўнік Мацюшэўскага СДК Наталля Уладзімірава і кіраўнік народнага тэатральнага калектыву «Мроя» Уладзімір Уладзіміраў. Гэты казачны дуэт задаваў адпаведны тон усёй дзеі. І побач з імі нават дарослыя акуналіся ў бесклапотны, поўны нечаканых адкрыццяў свет, і радаваліся сваім перамогам і заслужаным узнагародам па-дзіцячаму шчыра.

 

Вясёлыя спаборніцтвы
Трэба было бачыць, з якім імпэтам несліся ў возера спрынтары — мужчыны і жанчыны, юнакі і пенсіянеры — каб злавіць як мага больш ракаў! І тут, як высветлілася, не было роўных чатырнаццацігадоваму Уладзіславу Філатаву, які гасцюе ў вёсцы Азіна падчас школьных канікул. Хлопец адзначыў, што лавіць ракаў — справа для яго звыклая, шмат разоў ужо гэтым займаўся.
А з якой хуткасцю і стараннем манеўравалі гоншчыкі на катамаранах па хвалях возера Белае! І жадаючых прадэманстраваць свае ўменні ў такім няпростым спаборніцтве было шмат. Па выніках двух адборачных і фінальнага заплываў у пераможцы выйшаў экіпаж «Пунсовыя ветразі» ў складзе Юрыя, Вікторыі, Насці і Дзімы Бердашкевічаў, жыхароў Азіна. У чым сакрэт такой зладжанасці? Аказваецца, як адзначыла мама Віка, — ва ўменні круціць педалі, бо іх сям’я без веласіпеда нікуды!

…Яскравых эмоцый, прыемных уражанняў на беразе азінскага возера Белае ў той дзень было багата. Добры настрой гасцям свята дарылі творчая каманда Полацкага раённага Цэнтра культуры, супрацоўнікі Азінскага, Мацюшэўскага, Аст­роўшчынскага СДК, ансамбль «Фярцінка» Багатырскага СДК і эстрадныя калектывы «Крэатыў», «Тандэм» і «X-Day». Дзякуючы намаганням людзей, зацікаўленых і ўлюбёных у сваю справу, свята ля вады атрымалася цудоўным і па-сапраўднаму летнім.