У Астроўшчынскі сельвыканкам паступіў калектыўны зварот ад жыхароў вёсак Рубанава і Субаўшчына з нагоды дрэннай якасці дарогі Палюдавічы—Рубанава.
Старшыня сельвыканкама Мікалай Астапенка накіраваў яго ў Полацкае ДРБУ №182, на балансе якога знаходзіцца дарога. Намеснік начальніка–галоўны інжынер Міхаіл Атрахімовіч паведаміў, што ў пачатку красавіка тут будзе зроблена падсыпка.

— Застаюцца праблемы з дарогай на вёску Венцавое, — адзначыў Мікалай Астапенка. — Не толькі надвор’е ўплывае на яе стан, але і вялікагрузныя машыны, што са жвірам накіроўваюцца па ёй ад кар’ера, які знаходзіцца непадалёку. У выніку пры дажджлівым надвор’і вёска можа быць адрэзана, як гэта ўжо было, «ад цывілізацыі». Неаднаразова мы звярталіся ў Полацкае ДРБУ №182, прапаноўвалі зрабіць якасную падсыпку жвірова-пясчанай сумессю. Але кожны год гісторыя паўтараецца. І вёска Аўдзеева чакае, калі прыедуць дарожнікі і зробяць якасныя абочыны…