У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь ў цэнтры Полацка гучаў жывы рок

Главное

З Днём Незалежнасці павіншавала жыхароў і гасцей Полаччыны і нефармальная моладзь. Вялікі рок-канцэрт пад назваю «За Беларусь!» прайшоў на плошчы Францыска Скарыны ў святочны дзень 3 ліпеня.

На сцэну выйшлі 6 рок-калектываў Полаччыны — як маладых, так і дасведчаных. Адкрываў імпрэзу гурт «Indra», які складаецца з дзвюх дзяўчын і двух хлопцаў. Музыкі, на рахунку якіх — сотні канцэртаў і фестываляў, выканалі некалькі песень на беларускай мове, паказалі і новы матэрыял, які яшчэ не гучаў на шырокай публіцы. Дарэчы, «Indra» — гаспадары Полацкага рок-клуба і адны з арганізатараў канцэрта.

Гурт «Версия» на чале з Паўлам Сляпцовым, ветэраны полацкай рок-сцэны, парадавалі слухачоў як праверанымі гітамі, так і песнямі, якія нячаста гучаць на выступах музыкаў. За 16 год існавання калектыву мянялася гучанне, склад гурта, але нязменнымі застаюцца шчырасць песень і адданасць у іх падачы.

«ЛыЖы» — даволі маладая каманда. Рабяты граюць вясёлы поп-панк, які міжволі прымушаў слухачоў падымацца са сваіх месцаў і танчыць разам з музыкамі, якія натуральна адрываліся на сцэне.

Якасны фанк прагучаў у выкананні гурта «BTTF». Музыкі пачыналі творчую дзейнасць з выканання кавер-версій песень вядомага калектыву «Red Hot Chili Peppers», але зараз працуюць і над уласным матэрыялам. Вызначыць іх творчасць можна адным словам — пазітыў.

У гурце «Ветеран Grader» называюць сваю творчасць «музыкай не для ўсіх». Напэўна, менавіта так мусіць выглядаць і гучаць калектыў, які выконвае класічны рок, стараючыся данесці сваю думку да як мага большага кола слухачоў.

Паслухаўшы гурт «Tomb Stone», можна смела сказаць: ёсць на нашай зямлі моладзь, якая ўмее граць метал! Яскравыя гітарныя рыфы, моцны вакал і вялікая колькасць чыстай энергіі падхапілі слухачоў канцэрта (сярод якіх былі не толькі маладыя хлопцы і дзяўчаты, але і людзі шаноўнага ўзросту!) і закруцілі…

«Жывая музыка — гэта здорава, — упэўнена Ганна Кошчава, першы сакратар Полацкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», адзін з арганізатараў канцэрта. — Усе гурты, якія сёння выступалі, — цікавыя індывідуальнасці. Гэта быў канцэрт неардынарнай і цікавай моладзі, ён ламае стэрэатыпы пра моладзь, якая толькі гуляе і вядзе нездаровы лад жыцця. Прыемна, што са сцэны гучалі песні пра родную Полаччыну. Наша моладзь — сапраўдныя патрыёты, а гэта значыць, што за будучыню Беларусі можна не непакоіцца. Гэта асабліва важна ў такое свята, як Дзень Незалежнасці нашай краіны!».

Акрамя названых арганізатараў, варта сказаць вялікі дзякуй аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкама і Полацкаму гарадскому палацу культуры, якія зладзілі гэты шыкоўны канцэрт.

…А прыродзе хочацца аддзячыць за спрыяльнае для такой цікавай імпрэзы надвор’е!

Ігар ПАЛЫНСКІ (тэкст і фота).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *