У мехмайстэрні УП «Палімір-агра» Полацкага раёна кіпіць праца

Заботы сельские

У мехмайстэрні УП «Палімір-агра» кіпіць праца. Трактарысты завяршаюць рамонт тэхнікі, якая павінна хутка выйсці ў поле.

За працай мы напаткалі трактарыста-машыніста Антона Мысліўца, які ў час сяўбы бу­дзе працаваць на пасяўным агрэгаце «АПП-6».
Менавіта рамонтам сеялкі ён і зай­маўся.


— Давялося замяніць шмат запчастак, — расказвае 24-гадовы працаўнік. — Падшыпнікі мяняў, кранштэйны, многае іншае. Цяпер вось падключаю новы насеннепровад.

Антон працуе ў гаспадарцы ўжо другі год. У мінулым годзе на сваім «АПП-6» пасеяў амаль усе палі гаспадаркі, за што быў прызнаны лепшым на сяўбе ў раённым спаборніцтве сярод маладых трактарыстаў-машыністаў.

Працаваць у сельскай гаспадарцы яму падабаецца. Сам ён вясковы хлопец — з Боркавіч Верхнядзвінскага раёна. Скончыў тутэйшы ліцэй, атрымаў прафесію трактарыста, потым вучыўся ў Полацкім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжы на слесара-рамонтніка. «Ведаў шмат не бывае!» — падсумаваў свой адукацыйны партфель суразмоўца.

Яго пасяўны агрэгат — адзіны ў гаспадарцы, таму нагрузка на яго будзе вялікая. Але Антона гэта не засмучае: ён — хлопец працалюбівы, а ад самога працэсу сяўбы ён атрымлівае задавальненне!