У Полацкай мастацкай галерэі адкрыўся новы выставачны сезон

Актуальное Культура

Выставачны сезон у Мастацкай галерэі пачаўся з адкрыцця персанальнай выставы твораў латвійскага мастака Освальда Звейсалніекса.

Жывапісец, педагог, афіцэр ордэна Трох зорак, прафесар, удастоены ганаровай узнагароды за значны ўклад у развіцце латгальскай культуры, ён прызнаўся, што даўно марыў зладзіць выставу ў Полацку, бо лічыць: менавіта гэты горад з’яўляецца тым месцам, дзе знаходзяцца вытокі гісторыі і культуры. «У нас агульныя карані, нам вельмі лёгка разумець адно аднаго, тым больш што мова мастацтва не патрабуе перакладу», — сказаў ён.


У адкрыцці выставы прыняла ўдзел консул Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Сінція Паўра. Яна выказала ўпэўне­насць у тым, што супрацоўніцтва дзвюх краін у галіне культуры і мастацтва будзе працягвацца. Дарэчы, мастакі, якія прыехалі разам з Освальдам Звейсалніексам, падзяліліся планам наконт таго, каб правесці ў Полацку пленэр. Калі ўсё атрымаецца, наш горад зноў апынецца ў цэнтры мастацкай падзеі міжнароднага ўзроўню.

Дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-­запаведніка Тамара Джумантаева адзначыла, што стала добрай традыцыяй пачынаць год з адкрыцця выставы твораў прадстаўнікоў Латвіі. І гэта не выпадкова: беларуская і латвійская ментальнасць і культура вельмі падобныя.


На пытанне, чаму ў сваёй творчасці аддае перавагу, Освальд Звейсалніекс адказаў, што апошнім часам малюе выключна тое, што падабаецца. На яго палотнах — краявіды латгальскага краю, так падобныя на беларускія. Напісаныя вельмі выразна і шчыра, яны расказ­ваюць пра родную краіну мастака, і пачынаеш разумець, што так маляваць можа толькі чалавек, улюбёны ў жыццё, прыгажосць і родную зямлю.