У Полацкi раённым Цэнтры рамё­стваў і нацыянальных культуры экспануецца выстава «Колеры выцінанкі»

Культура

Ёсць шмат спосабаў выказваць думкi. Можна складаць вершы цi пiсаць песнi, маляваць карцiны цi ствараць скульптуры. А можна ўзяць нажнiцы ды кавалачак паперы і з iх дапамогай распавесцi пра настрой, поры года, гiстарычныя падзеi, жывёл, птушак і яшчэ шмат пра што. Як? Каб даведацца пра гэта, трэба проста прыйсцi ў Полацкi раённы Цэнтр рамё­стваў і нацыянальных культур, дзе экспануецца выстава «Колеры выцінанкі».

Тут вы ўбачыце не тыя папяровыя выразанкі, якiмі штогод упрыгожваюць вокны напярэдаданi і ў час святкавання Калядак цi Новага года — у калекцыi прадстаўлены цэлыя серыi работ, такiх як «Поры года», «Красавiцкая вясёлка» і iншыя. Вельмi цiкавыя сюжэты з беларускiм нацыянальным каларытам, сярод якiх «Полацкi ручнiк». Аўтарам гэтай казкi з’яўляецца палачанка, удзельнiца народнага клуба майстроў «Роднасць», сябра Беларускага Саюза май­строў народнай творчасцi Алена Ходзiкава, якая пачала займацца гэтай творчасцю яшчэ са школьных часоў.

img_6801-%d1%84%d0%be%d1%82%d0%be-%d0%b0-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d1%86%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87%d0%b0
Гэта ўжо не першая выстава Алены ў Цэнт­ры рамёствау і нацыянальных культур. Але менавiта цяперашняя адметная тым, што ў ёй з’явiлiся колеры і так называемае падсвечванне, якiя надаюць работам больш выразнасцi і ўзмацняюць уздзеянне на гледача. Сапраўды, да кожнага твора падабрана свая афарбоўка. «Вясна» выканана ў розава-зялёных адценнях, «Восень» — у жоўта-аранжавых, а «Замаразкi» наогул нагадваюць сапраўдную сняжынку, якая пералiваецца на сонцы блакiтна-бэзавым бляскам. Як ужо адзначалася, тэматыка экспазiцый разнастайная. На пытанне, адкуль бяруцца iдэi, Алена адказала: «Бывае па-рознаму. Напрыклад, спачатку малюю сабе нейкi вобраз у думках, а потым пачынаю ажыццяўляць яго. Часам здараецца, што бяру лiст паперы ў рукi — і ўжо ведаю канчатковы вынiк. А iншы раз думкi прыходзяць нават у сне».

img_6783-%d1%84%d0%be%d1%82%d0%be-%d0%b0-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d1%86%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87%d0%b0
Як вядома, майстэрства выцiнанкi ў сучасны момант перажывае ўздым. Iм цiкавяцца не толькi самадзейныя майстры, але нават прафесійныя мастакi. I ва ўсiм свеце праходзяць мiжнародныя выставы, прысвечаныя менавiта гэтаму мастацтву. На некаторых з iх прадстаўляла свае работы і Алена Ходзiкава. «Быў цiкавы выпадак на выставе ў Францыi, — узгадвае аўтар. — Пажылая жанчына год так пад 90, паглядзеўшы на маю работу з сiлуэтамi коней, захацела купiць гэтую карцiну, бо, прызналася яна: «Я сама, як добры конік, яшчэ доўга працягну». Падобна да Сэнт Экзюперы, пра дадзенае здарэнне можна сказаць, што, калi ствараецца нешта вартае і прыгожае, — значыць, гэта камусьцi патрэбна.

img_6739-%d1%84%d0%be%d1%82%d0%be-%d0%b0-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d1%86%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87%d0%b0
Некаторыя свае творы Алена дорыць знаёмым і сябрам. Цi стварае асобна, у залежнасцi ад таго, для каго яны прызначаюцца. Дарэчы, яна яшчэ займаецца вышыўкай, бісерапляценнем, бацікам, вязаннем, габеленам і нават умее ткаць. Адным словам, Алена — майстрыха на ўсе рукi. Але, акрамя рук, у стварэннi выцiнанак задзейнiчаны яшчэ светлая галава, чулае сэрца і добрая душа. Гэта, безумоўна, адчуваецца, калi бачыш яе работы.

img_6737-%d1%84%d0%be%d1%82%d0%be-%d0%b0-%d0%bc%d0%b0%d1%80%d1%86%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87%d0%b0

Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *