У полацкім Краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выставы «Вайна і каханне»

Беларусь помнит Культура

У экспазіцыі прадстаўлены ліс­ты ваенных гадоў, якія пісалі з фронту сваім родным, дарагім, каханым абаронцы Айчыны.

Яны і зараз, праз дзесяцігоддзі, кранаюць сваёй шчырасцю і глыбінёй пачуццяў. У аснову выставы лягла перапіска Мендзеля і Лізаветы Левіных, бацькоў аўтара праекта мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Леаніда Левіна. Муж быў на фронце, жонка з дзецьмі — у глыбокім тыле. Між імі — тысячы кіламетраў і непераадольных пера­шкод. Яны пісалі адно аднаму лісты, кожны з радкоў якіх прасякнуты сапраўдным, чыстым і моцным пачуццем.
Гэтыя лісты, якія Мендзель Левін пранёс у палявой сумцы праз усю вайну, абаранялі яго ад куль. Пасля вайны Леанід Левін выдаў кнігу, прысвечаную гісторыі кахання бацькоў, змясціўшы ў ёй іх пісьмы. У кнізе ёсць радкі, якія адлюстроўваюць увесь трагізм таго часу: «Вайна забрала ўсё, яна не змагла забраць толькі каханне».


Прысутная на адкрыцці выставы Ірына Кашталян, дырэктар гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна, звяртаючыся да прысутных, зазначыла: “Гісторыя лістоў, якія прадстаўлены ў экспазіцыі, падобная на мільёны іншых і не подобная адначасова. Яны паказваюць увесь трагізм вайны”.
Экспазіцыя складаецца з дзвюх частак — той, якую падрыхтавала гістарычная майстэрня пры ўдзеле матэрыя­лаў з архіву сям’і Левіных. Другая — па матэрыялах фондаў НПГКМЗ.


Некаторыя з франтавых лістоў агучылі навучэнцы каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава. Яны, прадстаўнікі новага пакалення, якое ведае пра вайну только па падручніках гісторыі, чытаючы прасякнутыя высокім пачуццём радкі з мінулага, не здолелі стрымаць пачуцці, сарамліва хаваючы слёзы.
Ірына Воднева, загадчык музея, запрашаючы пазнаёміцца з экспазіцыяй, адзначыла: «У гэтых лістах адлюстроўваюцца галоўныя чалавечыя каштоўнасці. Калі знаходзішся побач са смерцю, калі кожнае імгненне можа стаць апошнім, менавіта каханне дапамагала захаваць сябе дзеля сваіх блізкіх, дапамагала выжыць».

Выстава працуе да 31 сакавіка.