У Полацкім раёне адзначылі свята першай баразны “Засеўкі”

Главное Год качества Заботы сельские

У Полацкім раёне ўрачыста адзначылі пачатак актыўных вясенне-палявых работ.

Раённае свята першай баразны “Засеўкі” адзначылі ў філіяле “Вясна-энерга”, ва ўрочышчы Чарнаручча-2. Па добрай традыцыі кіраўніцтва Полацкага раёна, сельгаспрадпрыемстваў і раённых службаў, спецыялісты аграпрома, культработнікі прынялі ўдзел у народна-абрадавым мерапрыемстве, каб полацкім аграрыям спрыяў поспех у іх няпростай, але пачэснай справе.

-У мінулым годзе надвор’е прыпаднесла нам нямала непрыемных сюрпрызаў, але полацкія земляробы змагацца з цяжкасцямі ўмеюць. І ў гэтым годзе мы гатовыя супрацьпаставіць выпрабаванням працавітасць, вопыт, самаадданасць, каб дасягнуць значных вынікаў, — зазначыў старшыня райвыканкама Ігар Марковіч.

Перад пачаткам сяўбы традыцыйна адбыўся малебен, каб заручыцца Божай дапамогай, а потым сейбіты — кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў начале з кіраўніком Полацкага раёна І.І. Марковічам, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама М.М.Баратынскім — прайшлі па свежай раллі, шчодра дорачы матухне-зямлі духмянае зерне.

Пасля святочнага абраду, які ўпрыгожылі песнямі артысты фальклорнага ансамбля “Блізнянка” Сільніцкага СДК, аграрыі абмеркавалі надзённыя пытанні па арганізацыі сельскагаспадарчых работ.

…Хай будзе шчодрай хлебная ніва, хай спрыяе надвор’е і шчырая праца дорыць нашым аграрыям сапраўдную асалоду і прыемны настрой!  

Фота Віктара Чарняўскага.