У Полацкім раёне з’явіліся першыя тысячнікі

Актуальное Заботы сельские

У апошнія дні мінулага тыдня адбыліся дзве значныя па­дзеі ў сёлетняй уборачнай кампаніі-2018: у пятніцу ў Полацкім раёне з’явіўся першы тысячнік-­вадзіцель, заняты на перавозцы збожжа ад камбайнаў, а ў суботу першы экіпаж камбайнераў намалаціў першую тысячу тон залатых зярнятак!

Тысячнікі працуюць у сельгаспрадпрыемстве «Полацк-Мілк» і філіяле «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў». Вадзіцель-пераможца і камбайнеры ў мінулым годзе таксама былі героямі жніва і нашых газетных публікацый.

Вадзіцель Канстанцін Яшын сёлета стаў першым тысячнікам-вадзіцелем (у мінулым годзе быў трэцім). Да працоўнага поспеху маладога працаўніка прывялі каля 100 рэйсаў, якія ён зрабіў на сваім «МАЗе-555142». Мы напаткалі героя жніва-2018 на сушылцы ў аг.Нача, куды ён прывёз чарговы каштоўны груз. З працоўнай перамогай стараннага вадзіцеля, які па месцы працы характарызуецца як выключна адказны, віншавалі дырэктар гаспадаркі Віталь Кузякоў, старшыня прафкама Вольга Чэрап і госці з Полацка — старшыня Полацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Захарэнка і старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі. Традыцыйна лідару жніва ўручылі Падзячны ліст, грашовую прэмію, кепку і майку з прафсаюзнай сімволікай. Кабіну аўтамабіля першага тысячніка ўпрыгожыла каляровая наклейка «Лідар жніва».


Старшы камбайнер Сяргей Гарбаценка з камбайнерам Ігарам Данілкіным прымалі віншаванні ў суботу. На жалезным кані «NEW HOLLAND» з высокай магутнасцю рухавіка і шырокай жаткай бацька з сынам працуюць другі сезон. Сёлета ім лягчэй: летась абкаталі новы камбайн, пакуль рыхтавалі машыну да ўборачнай-2018, дасканала яго вывучылі. «Аднаму працаваць цяжка, абавязкова патрэбны памочнік», — разважаў вопытны хлебароб Сяргей Гарбаценка і сцвярджаў, што поспехаў на жніве можна дасягнуць пры ўмовах працы ад расы да расы, добрага надвор’я, спраўнай тэхнікі і высокіх ура­джаяў. Для іх з сынам сёлетняя ўборачная — пятая сумесная, пад кіраўніцтвам бацькі Ігар стаў сапраўдным камбайнерам-прафесіяналам.

Моцнага здароўя і поспехаў у працы зычылі камбайнерам дырэктар філіяла «Гараны-Агра» Аляксандр Калтуноў, галоўны аграном філіяла Тамара Макарава, аграном Алёна Івашкевіч і старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі. Цёплыя словы падтрымкі, Падзячныя лісты, грашовыя прэміі, памятныя падарункі і традыцыйныя кепкі і майкі з прафсаюзнай сімволікай узнялі першым тысячнікам настрой. У мінулым сезоне гэты экіпаж адзіны ў Полацкім раёне дасягнуў двухтысячнага намалоту зерня. Да такога ж поспеху бацька з сынам будуць імкнуцца і сёлета.