У Полацкім раённым Цэнтры культуры рэалізуецца даследчы этнаграфічны праект

Год исторической памяти Культура

Даследчы этнаграфічны праект «Шляхам продкаў» Полацкага раённага Цэнтра культуры рэалізуецца больш за пяць гадоў.

У Год гістарычнай памяці Полацкі РЦК распрацаваў падпраект «Школа народных традыцый», накіраваны на захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай самабытнасці полацкага рэгіёна, нематэрыяльнай культурнай спадчыны, нацыянальных традыцый і фальклору.

Першае мерапрыемства «Школы народных традыцый» пройдзе ў Багатырскім СДК, дзе паспяхова дзейнічаюць тры фальклорныя калектывы. Адзін з іх — «Галасы спадчыны» — больш за паўстагоддзя захоўвае спеўную традыцыю выканання купальскіх і жніўных песень «у перахлёст», унесеную ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей Рэс­публікі Беларусь. У СДК пастаянна дзейнічае этнаграфічная экспазіцыя ў гонар Веры Ула­дзіміраўны Пісюковай — заснавальніцы ансамбля «Галасы спадчыны» і носьбіта мясцовага фальклору.

Мерапрыемства бу­дзе прысвечана народнаму святу Масленіца. Хлопцы і дзяўчаты з фальклорных калектываў «Лецейка» і «Каласочкі» запросяць на майстар-клас па побытавых танцах, пагуляюць разам з вамі ў традыцыйныя гульні, «Галасы спадчыны» выканаюць «Ядраное жыта» ў перахлёст, майстры Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыя­нальных культур падрыхтуюць майстар-клас па вырабе лялькі-вяснянкі.

Чакаем аматараў народных традыцый 18 лютага а 11 гадзіне ў Багатырскім СДК (вул.Цэнтральная, 25).
Семінары-практыкумы, творчыя лабараторыі, этнафэсты «Школы народных традыцый» плануецца правесці не толькі ў розных куточках Полаччыны, але і па-за яе межамі. Вынікі праекта будуць падведзены на мерапрыемстве «Жывыя традыцыі Полаччыны», якое пройдзе напрыканцы года ў Сільніцкім СДК.