У Полацку 18 мая адкрыецца выстава габеленаў «МОЙ ТЭКСТЫЛЬ»

Актуальное Культура

18 мая запрашаем на адкрыццё персанальнай выставы габеленаў «МОЙ ТЭКСТЫЛЬ» Наталлі Парахневіч (г.Браслаў).

Чаму габелен стаў такім папулярным у наш час? Магчыма, гэта адзіны від рамяства, які дазваляе займацца манументальным мастацтвам у хатніх умовах. Мастацтва габелена дорыць мастаку пачуццё свабоды і незалежнасці.

На выставе будуць прадстаўлены аўтарскія творы апошніх гадоў, вытканыя ў тэхніцы мяккай пластыкі. Гэта як нейкая вяха ў жыцці, пасля якой адгортваецца новая старонка ў творчасці аўтара. Усе работы па-свойму цікавыя і цешаць вока жывымі, яркімі, насычанымі колерамі.
Выстава дасць магчымасць убачыць тэндэнцыі сучаснага аўтарскага габелена: спалучэнне цяпла дывана і цяпла рук майстрыхі, прыгажосць жывапісу і светаўспрыманне мастачкі, філасафічнасць і творчую індывідуальнасць.
Наведванне выставы стане далучэннем да чароўнага свету, дзе сціраюцца грані паміж матэрыяльным і духоўным.
Выстава-продаж будзе працаваць да 29 верасня.
У рамках выставы пройдуць майстар-класы па розных відах ткацтва. Далучайцеся і падарыце сабе бязмежнае задавальненне стварыць цуд уласнымі рукамі!
Выстава пройдзе з 18 траўня па 29 верасня.