У Полацку адбудзецца IV тэатральны фестываль «ЎMOЎNO»

Важное Культура

У Полацку 24-26 лістапада адбудзецца IV тэатральны фестываль «ЎMOЎNO». На сцэнічных пляцоўках ЦК «Полацк» і Полацкага гарадскога Палаца культуры акцёры аматарскіх калектываў з Беларусі і Расіі прадставяць 12 спектакляў, якія падораць гледачам шырокі спектр эмоцый.

Першы фестываль быў арганізаваны ў 2019 годзе як першы ў Беларусі міжнародны фестываль монаспектакляў па ініцыятыве Народнага тэатра гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз» пры падтрымцы Полацкага райвыканкама, Полацкага гарадскога Палаца культуры. Удзел у ім прынялі тэатральныя калектывы з 5 краін.

— Кожны год мы імкнемся ўражыць полацкага глядача, старанна падбіраем рэпертуар на фестываль. Калі ў тым годзе мы рабілі акцэнт на пластычныя спектаклі, то ў гэтым – аматарскія калектывы прадэмаструюць разнапланавыя пастаноўкі: мюзікал, монаспектакль, пластычны, драматычны, інклюзіўны, лялечны-драматычны спектакль. Кожны глядач знойдзе нешта сваё, — пракаментавала Яўгенія Кавалёва, кіраўнік народнага тэатра гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз».

Фестываль – гэта не толькі магчымасць падарыць полацкім гледачам сустрэчы з выдатным, але і магчымасць паразмаўляць з калегамі і аднадумцамі, пачуць меркаванні прафесійных экспертаў. Для абмеркавання спектакляў арганізатары фэсту запрасілі ў Полацк Алу Зорыну, заслужанага работніка культуры Расійскай Федэрацыі, рэжысёра, загадчыка Кабінета аматарскіх тэатраў Саюза тэатральных дзеячаў Расійскай Федэрацыі, генеральнага сакратара Расійскага цэнтра Міжнароднай Асацыяцыі аматарскіх тэатраў (AITA/IATA). Акрамя таго, удзельнікаў аматарскіх калектываў чакаюць майстар-класы па біямеханіцы Меерхольда і сцэнічнай гаворцы, тэлемост: Полацк (Беларусь) — Муданьцзян (Кітай) з удзелам прадстаўнікоў органаў кіравання двух гарадоў, удзельнікаў і гасцей фестывалю.

Арганізатары фестываля: Полацкі райвыканкам, аддзел культуры Полацкага райвыканкама, Полацкі гарадскі Палац культуры і народны тэатр гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз».

З поўнай афішай «ЎMOЎNO» можна азнаёміцца на сайце https://umownofest.by.